
Літоўская мытная служба з 11 лістапада яшчэ больш узмацняе кантроль на межах з Беларуссю і Расеяй для прадухіленьня вывазу санкцыйных тавараў, паведаміла прэс-служба ведамства.
Мытнікі будуць пільней правяраць правільнасць класіфікацыі тавараў, якія вывозяць зь Літвы. Дадатковыя праверкі ўвялі ў звязку са спробамі абыходу санкцый, калі экспартную прадукцыю класіфікавалі ў таварных пазіцыях камбінаванай наменклатуры, якая не падпадае пад санкцыйныя абмежаваньні. Цяпер пры вывазе тавараў у краіны Сярэдняй Азіі і Каўказу будуць праводзіць праверку класіфікацыі, у тым ліку з адборам пробаў і лабараторнымі даследаваннямі.
У звязку з узмацненнем кантролю тэрміны мытнага афармлення экспартных працэдур могуць павялічыцца, адзначаецца ў паведамленні літоўскай мытні.
У 2023 годзе літоўская мытня ўжо ўзмацняла кантроль за экспартам падсанкцыйных тавараў.
