
У Беластоку ўвечары 12 лістапада прайшла мемарыяльная акцыя. Яна адбылася на традыцыйным месцы ў Скверы Вольнай Беларусі каля цяперашняга консульства РБ. На яе сабралася каля 50 чалавек.
12 лістапада адзначаецца Дзень Міжнароднай салідарнасці з Беларуссю, ўшаноўваецца памяць Рамана Бандарэнкі ды іншых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі.

12 лістапада 2020 году ў выніку збіцця пасля затрымання на „Плошчы пераменаў”, памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка. Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, дакладна невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 12 лістапада 2020 году на запісах з камераў назірання пазналі экс-кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна свету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Наталлю Эйсмант.
Да гэтай даты прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю.









