
Палітычны вязень Дзяніс Івашын ужо 1 тысячу 343 дні знаходзіцца за кратамі. А дакладней у палоне рэжыму Лукашэнкі. Госця Беларускага Радыё Рацыя, жонка вязня, Вольга Івашына вядзе ў Фэйсбуку штодзённік, прысвечаны Дзянісу і падзеям вакол яго. На размову з ёй запрашае Яна Запольская.
РР: Стала вядома, што вам удалося паразмаўляць з Дзянісам Івашыным. Пра што гаварылі?
Вольга Івашына: Так, часу ў нас было вельмі мала на жаль. Дзяніс раз на месяц тэлефануе, мае такую магчымасць. Ён вымушаны выбіраць, мне патэлефанаваць або маці, мы знаходзімся ў розных месцах. Гэтым разам патэлефанаваў мне, але там нейкія тэхнічныя праблемы ўзніклі, ён паразмаўляў са мной толькі 6 хвілін. Натуральна, што за гэты час мала чаго можна паспець. Ён толькі сказаў, што з ім усё добра, каб мы не хваляваліся, бо ён нядаўна быў у ШІЗА, таму так супакоіў мяне. Канешне хацеў даведацца нейкія навіны пра нас. Ён даўно не атрымліваў лістоў, розныя ў нас праблемы ўзнікаюць з гэтым. Так перадаваў прывітанні, усё што паспеў. Потым яшчэ патэлефанаваў маці, далі магчымасць пратэлефанаваць, паколькі ў яго ёсць 15 хвілін на месяц. Астатні час ён размаўляў з маці.
РР: Пастаянная карэспандэнцыйная сувязь ёсць?
Вольга Івашына: Калі канешне ў ШІЗА трапляе, то ён не мае магчымасці пісаць, мы пішам толькі. Большасць лістоў да яго трапляе. Да нас некалькі лістоў было знішчана цэнзурай, ад яго і ад маці. Так у прынцыпе ўсё больш-менш даходзіць. Бывае часам, што доўга. Апошнія паштоўкі і лісты тыдзень ішлі, то бок доўга. Мы так яшчэ зразумелі, што дзесьці прыпынялася гэтая паштоўка, ліст. Не ведаю з чым гэта звязана.
РР: А калі цэнзура штосьці не прапускае, вы або Дзяніс атрымліваеце нейкую інфармацыю?
Вольга Івашына: Так, Дзянісу прынамсі кажуць, што ягоныя лісты былі знішчаныя, адназначна яму сказалі. Напэўна так, казалі. Ён сам казаў падчас мінулага тэлефанавання, каб мы не хваляваліся, што лісты не прыйдуць, бо яны не прайшлі цэнзуру. Таксама сказаў, што не атрымаў нейкі ліст ад маці, што ён таксама не прайшоў.
РР: Што яшчэ дазваляе гэты турэмны рэжым? Якія кантакты з роднымі?
Вольга Івашына: Лісты і званкі, кароткатэрміновыя спатканні. У нас пакуль ніводнага не было.
РР: Як часта яго можна прасіць.?
Вольга Івашына: Здаецца адзін на год.
РР: Ніводнага спаткання яшчэ не было з часу, як Дзяніс трапіў за краты?
Вольга Івашына: Падчас так званага следства не было, не дазвалялі. Пасля так званага суда было спатканне і пасля апеляцыі яшчэ адно. Яшчэ паспелі ў Магілёўскай калоніі ўбачыцца.
РР: Што на сённяшні дзень вядома пра турэмны рэжым?
Вольга Івашына: Мы ўжо даўно дамовіліся, што прынамсі кожны тыдзень ён піша камусьці з нас, а нават і часцей. Каб мы ведалі, што з ім усё добра. Калі ўжо больш за тыдзень лістоў няма, то значыць штосьці здарылася, хутчэй за ўсё гэта ШЫЗА. Я так разумею, што гэта такая разнарадка і ўсіх палітычных аднаго за адным у гэтае ШЫЗА адпраўляюць.
РР: Ці можаце падзяліцца вашымі эмоцыямі з нагоды сустрэчы Марыі Калеснікавай з бацькам?
– Радуемся за іх, што праз столькі часу невядомасці, тата змог з ёй паразмаўляць і ўбачыць, што яна жывая. Але яму забаранілі штосьці казаць.
Поўнасцю гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя
