Журы — рада Беларускага ПЭНа — назвала пераможцаў і лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Сярод пераможцаў — гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын.

З мэтай бяспекі некаторыя аўтары, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, засталіся ананімнымі, не былі агучаныя і назвы іх твораў. Арганізатары абяцаюць назваць сапраўдныя прозвішчы, калі гэта не будзе ствараць пагрозы аўтарам і іх сваякам.

Сёлета пераможцамі прэміі імя Францішка Аляхновіча сталі:

  • Дзяніс Івашын з «Цыклам турэмных вершаў»,
  • Віка Біран з кнігай «Я танцую»,
  • Ліса з творамі (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна).

Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча ў гэтым годзе сталі:

  • Бервета Ірзвіцкая з цыклам вершаў (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна),
  • Мар’ян Зораў з вершамі, напісанымі ў зняволенні (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна).

Прэмія імя Францішка Аляхновіча ўручаецца з 2013 года за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісаў, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года.

Дзяніс Івашын да свайго затрыманя працаваў карэспандэнтам незалежнай агульнанацыянальнай газеты «Новы Час» і быў беларускім рэдактарам міжнароднай супольнасці расследавальнікаў InformNapalm. Вядомы сваімі расследаваннямі пра скандальную будоўлю рэстарана побач з мемарыяльным урочышчам Курапаты, а таксама пра былых украінскіх «беркутаўцаў», што пасля перамогі Еўрамайдана ў 2014 годзе ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

Найверагодней, публікацыі пра сілавікоў сталі «апошняй кропляй». Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

14 верасня 2022 года ў Гродзенскім абласным суде Дзяніса Івашына прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці).

Суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў.

Сайт БАЖ