
Акцыя ў Наваградку пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году. Крыніца: тэлеграм-канал Радыё “Свабода”
Крыніцы «Белсату» паведамляюць, што прынамсі шасцёра чалавек сярод тых, каго сілавікі затрымалі 15 дзён таму, не выйшлі пасля адбыцця адміністратыўнага арышту.
У дачыненні затрыманых ужывалі розныя метады, якія, на думку юрыстаў, ёсць перавышэннем службовых паўнамоцтваў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Прыкладам можуць быць дзеянні супраць пісьменніка Міхася Зізюка. Падчас затрымання сілавікі ўчынілі сапраўдны пагром у доме. Нічога, што можна было б тлумачыць як правапарушэнне, у яго не знайшлі. Відавочцы расказваюць, сілавікі ў тэлефоне Міхася самы падпісалі яго на адзін з тэлеграм-каналаў, прызнаны «экстрэмісцкім», і пасля гэтага павезлі на допыт.
За кратамі застаюцца муж і жонка Аляксандр і Ірына Лебедзі, Таццяна Палубок і яшчэ трое, прозвішчы якіх пакуль не называюцца.
Вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКу расследуюць справу ў дачыненні асобаў, якія нібыта былі датычныя да тэлеграм-чату «Партызаны Наваградку». Супраць іх заведзеныя крымінальныя справы паводле артыкулу экстрэмізм. З усіх, каго дапытвалі ў справе, бяруць падпіску аб неразгалошванні.
