
фота ілюстрацыйнае
Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, якія былі вызваленыя нядаўна па так званым “памілаванні”.
Іх імёны паведаміў прапагандыст Юрый Васкрасенскі на стрыме ў Азаронка.
Гэта Аляксандр Бойка, Аляксей Ярашэвіч, Кацярына Шаблінская-Іванова, Эдуард Ісаеў.
Эдуард Ісаеў раней працаваў на прадпрыемстве “Гродна-Азот”. Ісаеў быў затрыманы 25 чэрвеня 2022 года паводле арт. 19.11 КаАП за распаўсюд “экстрэмісцкай” інфармацыі, яго асудзілі на 10 сутак. Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту яго ўзялі пад варту ўжо паводле крымінальнага артыкула. Дома ў яго засталіся жонка і маленькія дзеці. 21 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Гародні быў абвешчаны карны вынік— 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма паводле ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Прысуд аформіў суддзя Генадзь Мазайла. Ісаеў сядзеў у турме № 1 у Гародні. Адбываў зняволенне ў калоніі №2.
Было таксама агучана прозвішча Белямук. Праваабаронцам вядома пра двух палітвязняў з такім прозвішчам (Дзмітрый і Яўген). Хто з іх менавіта на свабодзе — невядома.
З ліпеня па лістапад пасля ўказаў Лукашэнкі на волю выйшлі 146 чалавек. Апошняе памілаванне адбылося 7 лістапада. Тады на волю выйшлі 2 жанчыны і 29 мужчын.
