Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: DW

У 2025 годзе ў Беларусі замацуюць на пастаяннай аснове некаторыя «часовыя» падаткі, уведзеныя ў папярэднія гады, паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко на паседжанні Рэспубліканскага клубу дырэктароў. Сярод такіх падаткаў – мясцовы збор за перасячэнне мяжы на аўтамабілях.

Збор за выезд з Беларусі на аўтамабілях пачалі браць у 2021 годзе нібыта ў рамках барацьбы з COVID-19. Аднак і пасля сканчэння пандэміі падатак працягваюць спаганяць у Віцебскай, Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцях.

Плата бярэцца за выезд з краіны на механічным транспартным сродку, зарэгістраваным як у Беларусі, так і за яе межамі, які мае не менш за чатыры колы і яго максімальная вага не перавышае 5 тон. Плаціць не трэба пры выездзе ў Расею.

Памер збору – 1 базавая велічыня (цяпер – 40 рублёў, з 1 студзеня 2025 года – 42 рублі). Гэтыя грошы ідуць у бюджэт вобласці, у якой знаходзіцца пункт пропуску.

Збор мусіў дзейнічаць да 1 лютага 2025 года, аднак цяпер яго вырашылі зрабіць пастаянным.

З Беларусі ў ЕЗ за содні выязджае каля 1300 легкавых аўтамабіляў, і калі з кожнага браць базавую велічыню, то зарабіць можна больш за 15 тысяч долараў. За месяц сума складзе каля паўмільёны долараў, падлічыла «Наша Ніва».

Акрамя гэтага збору, пры выездзе з Беларусі на легкавым аўтамабілі давядзецца заплаціць 12 рублёў за рэгістрацыю ў электроннай чарзе, а на зваротным шляху – яшчэ 2 рублі за дэзінфекцыю транспартнага сродку.

belsat.eu