фота “Гарадзенскай праваабароны” ілюстрацыйнае

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў вызначыла нормы для выступленняў ў СМI і медыяпрасторы. На адметнасці дакумента звярнула ўвагу «Хрысціянская візія»

Новы дакумент абмяжоўвае публічную дзейнасць святароў, манаскіх асобаў і нават свецкіх вернікаў.

З гэтага моманту людзі, якія паступаюць на працу або распачынаюць пастаяннае супрацоўніцтва з інстытуцыямі Касцёла, павінны выражаць пісьмовую згоду на распаўсюджванне на іх новых нормаў.

Тое ж тычыцца людзей, якія атрымліваюць адукацыю ў рэлігійных установах.

Каб засцерагчыся ад «незручных выказванняў» у новым дакуменце падкрэсліваецца, што «заявы тых духоўных і манаскіх асобаў, якія выступаюць з выразнага дазволу ардынарыя месца (…) можна лічыць пазіцыяй інстытуцыі Касцёла, ад імя якой яны выказваюцца».

Гэта значыць, што такія выказванні не будуць лічыцца афіцыйнай пазіцыяй усяго Касцёла, але, напрыклад, толькі канкрэтнага манаскага ордэну.

Сярод новых нормаў ёсць і выразная пастанова не выказвацца на палітычныя тэмы:

«Пры выступленні ў СМІ альбо ў сродках сацыяльнай камунікацыі духоўныя і манаскія асобы павінны памятаць, што яны пакліканы прапаведаваць вучэнне Хрыста, а не ўласныя меркаванні і погляды, асабліва такія, якія могуць выклікаць блытаніну, скандал, стаць прычынай падзелаў паміж людзьмі, і каб такое выступленне спрыяла бездакорнаму захаванню праўдаў веры і добрых нораваў (гл. кан. 823 § 1 Кодэкса Кананічнага Права). Гэта таксама ўключае ў сябе ўстрыманне ад палітычных заяў і выказванняў».

Новы Час