
Па так званай спецвытворчасці Следчага камітэту ў Беларусі з абласцей краіны найбольш па палітычных матывах пераследуюць гарадзенцаў. Ежы Грыгенча, якога засудзілі 21 лістапада, ужо 8-ы чалавек з Гародні. Прыпомнім ранейшыя працэсы і прысуды, якія адбываліся ў абласным судзе:
2 жніўня суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў вінаватай Вольгу Вялічку па сямі крымінальных артыкулаў і прызначыў ёй дзевяць гадоў зняволення, а таксама штраф 12 000 рублёў.
2 жніўня суддзя Уладзімір Пазняк прысудзіў Кацярыне Туманавай два з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
2 жніўня абвесцілі прысуд журналісту і былому палітвязню Алесю Кіркевічу – сем гадоў калоніі, а таксама штраф на 24 000 рублёў. Журналіста звінавацілі ў “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Справу “разглядаў” суддзя Юрый Казакевіч.
19 жніўня завочна абвешчаны прысуд журналісту і праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу па крымінальнай справе. Палітычны карны прысуд аформіў суддзя Ігар Собалеў. Па сукупнасці артыкулаў ён прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у «папраўчай» калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф – 1 тысяча базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў.
19 жніўня абвешчаны прысуд па завочнай крымінальнай справе сёстраў Надзеі Сцепанцовай і Жаны Захаркевіч. суддзя Юрый Казакевіч прызначыў пазбаўленне свабоды Надзеі Сцепанцовай на тэрмін 5 гадоў і 6 месяцаў, Жане Захаркевіч – на 5 гадоў з адбываннем зняволення ў «папраўчай» калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
30 жніўня абласны суд завяршыў “разглядаць” крымінальную справу супраць Вадзіма Саранчукова. Яму інкрымінавалі ч.1, ч.2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Суддзя Аляксандр Козел прысудзіў Саранчукову 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і 24 тысячы беларускіх рублёў штрафу.
Яшчэ 5 гарадзенцаў чакаюць абвяшчэння працэсаў і афармлення незаконных завочных прысудаў.
