Следчыя пачалі арыштоўваць маёмасць у жыхароў Наваградку, якіх затрымалі падчас хапуна напрыканцы кастрычніка.

Як перадае “Белсат”, арышт наклалі на маёмасць сямейнай пары Аляксандра і Ірыны Лебедзь, а таксама Вольгі Аляшкевіч і Таццяны Палубок. У актывіста Ігара Хіневіча забралі ўсе наяўныя грошы, таму яго сям’я засталася без сродкаў да існавання.

Хапун у Наваградку 30 кастрычніка зладзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Паведамлялася, што некаторых затрыманых сілавікі самі ў іх тэлефонах падпісвалі на тэлеграм-каналы, прызнаныя “экстрэмісцкімі”. Затрыманых завозілі на допыты ў Гародню.

Некалькі чалавек адпусцілі, астатніх да суда пакінулі ў следчым ізалятары. Дакладная колькасць затрыманых дагэтуль невядомая. Як мінімум шэсць чалавек застаюцца пад вартай — на іх пачалі крымінальныя справы.

Паводле інфармацыі “Белсату”, у ГУБАЗіКу арыштаваных падазраюць у адміністраванні тэлеграм-чата “Партызаны Навагрудка”.