Каротка:

  • Шырокамаштабныя адвольныя рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў рэжыму і іншадумцаў у Беларусі ўзмацніліся на фоне абвешчаных уладамі прэзідэнцкіх выбараў. Праз адсутнасць значных пратэсных праяваў улады распаўсюджваюць рэпрэсіі на падазроныя з іх пункту гледжання сферы грамадскага жыцця і групы, успрыманыя як нелаяльныя. Гэта фармуе атмасферу страху, прыгнятае імкненне да аднаўлення апазіцыйных палітычных інстытутаў і незалежнага грамадзянскага сектара. Узмацненне праявы дзяржаўнага тэрору ўяўляе сабой патэнцыйную пагрозу для ўсіх, хто не падтрымлівае рэжым.
  • “Вясна” вітае працэс вызвалення палітвязняў, які працягваецца ў Беларусі, асабліва з ліку ўразлівых груп, раней заканчэння тэрміну пакарання і падтрымлівае ўсе намаганні па падтрыманні гэтага працэсу. Здабыццё свабоды кожным і кожнай – неацэннае і не супярэчыць выказанаму праваабаронцамі патрабаванню і стратэгічнай мэце – вызваленню ўсіх палітвязняў.
  • Нягледзячы на вызваленне вялікай колькасці палітвязняў па заканчэнні тэрміна і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца стабільна высокай: на канец лістапада 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 296 палітвязняў, з іх 172 жанчыны. За месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 62 чалавекі. З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі 3 638 чалавек, з іх 669 жанчын.
  • Праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір ЛабковічМарфа Рабкова,Андрэй Чапюк і Наста Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.
  • Вядома пра некалькіх палітвязняў, якія ўтрымліваюцца доўгі час у рэжыме інкамунікада: Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і іншыя больш за год пазбаўленыя кантактаў са знешнім светам, у тым ліку ўнутры калоній; іх сітуацыя таксама мае рысы гвалтоўных знікненняў, забароненых міжнародным правам.
  • У лістападзе падведзены вынікі крымінальнага пераследу ў Беларусі за кастрычнік: асуджаныя 172 чалавекі, з якіх 52 жанчыны і 120 мужчын. Яшчэ 12 чалавек былі асуджаныя ў межахпрацэдуры спецыяльнай вытворчасці.
  • З верасня да сярэдзіны лістапада ў судах разгледзелі не менш за 1 213 палітычных адміністрацыйных спраў, абсалютная большасць з якіх — за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Масавыя затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі, нават у маленькіх гарадах. За лістапад праваабаронцамі зафіксавана 671 фактаў рэпрэсій, з іх 377 судоў паводлеадміністрацыйных справаў. Траціна пераследуемых — жанчыны; больш за ўсё фактаў зафіксавана ў Брэсцкай і ў Гомельскай абласцях.
  • Спісы асоб і фармаванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама экстрэмісцкіх матэрыялаў, рэгулярна папаўняюцца. Такім чынам ствараюцца перадумовы для новых нападаў на грамадзянскую супольнасць і яе прадстаўнікоў. Таксама гэта спосаб дадатковага, часта несудовага, адвольнага абмежавання правоў і свабод грамадзян.
  • Па-ранейшаму праваабаронцамі «Вясны» рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты прымянення катаванняў і іншых забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама ў месцах пазбаўлення волі.
  • Экспертная місія кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, арганізаваная Беларускім Хельсінкскім камітэтам і ПЦ “Вясна”, апублікавала першую справаздачу з моманту пачатку выбарчай кампаніі аб сітуацыі перад прызначэннем выбараў, а таксама выпусціла аналітычную справаздачу аб утварэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій.
  • Праваабарончы цэнтр “Вясна” запрашае 10 снежня на адкрыццё выставы “Пачуцці” ў Варшаве, дзе будзе прадстаўлена калекцыя малюнкаў, створаных палітычнымі зняволенымі Беларусі ва ўмовах турэмнага зняволення. Падчас мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя музычнага альбома “Пазначаныя жоўтым“.
  • 25 лістапада ў Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын, традыцыйна пачаліся 16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту, якія скончацца 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека.

На 30 лістапада ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваліся 1 296 палітычных зняволеных, з іх 172 жанчыны. Вядома пра 31 палітвязня з крытычным станам здароўя, не сумяшчальным з утрыманнем ва ўмовах пазбаўлення волі. За лістапад 62 чалавекі праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі.

На канец лістапада налічваецца 2 392 былых палітвязняў, з іх 499 жанчын. Стала вядома, што ў лістападзе цалкам адбылі свае тэрміны пазбаўлення волі як мінімум 24 палітвязні, а таксама мінімум 15 палітвязняў адбылі тэрмін у кастрычніку. 

У лістападзе А. Лукашэнка падпісаў яшчэ два ўказы аб памілаванні 63 чалавек, асуджаных па палітычных матывах. Усяго з чэрвеня гэтага года ў выніку памілавання выйшлі на волю 178 чалавек.

Пры гэтым, агульныя паказчыкі палітычна матываванага пераследу працягваюць расці. Усяго вядома, што з 2020 года як мінімум 7 615 чалавек сутыкнулася з палітычна матываваным крымінальным пераследам, і ў дачыненні да не менш за 6 249 чалавек вынесеныя палітычна матываваныя прысуды.

У лістападзе быў зафіксаваны мінімум 671 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій (затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.

Палітвязні, якія застаюцца ў месцах пазбаўлення волі, працягваюць сутыкацца з ціскам з боку адміністрацый пенітэнцыярных установаў: змяшчэннем у ШІЗА і ПКТ, узмацненнем рэжыму адбыцця пакарання, новымі крымінальнымі абвінавачваннямі, адвольным абмежаваннем сувязяў са знешнім светам і інш.

Пераслед пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам у Беларусі выкарыстоўваецца выключна для палітычна матываванага пераследу грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама як інструмент дзяржаўнага тэрору, у прыватнасці – для стварэння фармальных перадумоваў для апраўдання арыштаў і працяглага пазбаўлення волі.

Унясенне розных суб’ектаў у “Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці” закладвае аснову для пераследу грамадзян за стварэнне экстрэмісцкіх або ўдзел у іх дзейнасці. У лістападзе Пералік папоўніўся чатырма пазіцыямі; усяго за тры гады (першае рашэнне прынята 21 верасня 2021 года) было прынята 246 адпаведных рашэнняў КДБ і МУС. У ліку новых “экстрэмісцкіх фармаванняў”, сярод якіх “дваровая кааліцыя “Ордэн”, з дзейнасцю якой звязаныя шырокамаштабныя затрыманні, якія адбыліся ў канцы верасня ў Беларусі, якія закранулі не менш за 200 чалавек.       

У Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за лістапад унесена 120 чалавек, у тым ліку 37 жанчын. Сярод новых імёнаў –  асуджаныя завочна праваабаронца Алена Маслюкова і грамадскія дзяячкі Вераніка Цапкала і Вольга Карач, адзначаныя ў пераліку як тыя, хто адбывае пакаранне. Усяго ў пераліку імёны 4 714 чалавек. Унесеныя ў Пералік на працяглы тэрмін (на тэрмін судзімасці і пяць гадоў пасля яе пагашэння) паражаюцца ў правах.

У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесены прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе 107 судовага рашэння тэлеграм-каналы, Youtube і Tik-Tok каналы, старонкі ў сацыяльных сетках і іншыя крыніцы і носьбіты інфармацыі. Распаўсюд “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, пад якім беларускія спецслужбы і суды як правіла разумеюць няпэўна шырокае кола дзеянняў, не толькі тыя, якія прама забароненыя законам і пераследуюцца па Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, цягнуць пазбаўленне волі ці буйны штраф. Некалькі захаваных у сацыяльных сетках забароненых спасылак становяцца падставай для няпэўна працяглага адміністрацыйнага арышту – паслядоўна за кожную з захаваных або “распаўсюджаных” спасылак.

Варта падкрэсліць, што паводле інфармацыі першага намесніка міністра інфармацыі Андрэя Кунцэвіча, спіс налічвае 6 565 матэрыялаў. Спіс вядзецца з верасня 2008 года. Юрыдычная служба “Вясны” распавяла, як інфармацыйная прадукцыя становіцца экстрэмісцкай па рашэнні суда.

Вясна