
Незвычайны судовы працэс прайшоў у Гародні. Пара выпускнікоў пажанілася гэтым летам. Але пазней з’явіліся сумневы ў мэтах шлюбу. Так, хлопец павінен быў з’ехаць працаваць у іншы горад, але пасля вяселля атрымаў пераразмеркаванне.
Пазней высветлілася, што маладыя не жывуць разам, не знаёмяць адно аднаго з бацькамі і нават не робяць сумесныя фота. Усё скончылася судом, пiша Onliner.by.
З матэрыялаў справы вядома, што хлопец вучыўся на бюджэце ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце, прычым на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. ВНУ ён скончыў сёлета і па размеркаванні павінен быў з’ехаць працаваць у Гомель. У чэрвені хлопец ажаніўся: дзяўчына — вайскоўка, таму мужа пакінулі ў Гродне і пераразмеркавалі.
Але ў судзе высветлілася, што праз паўгадзіны пасля рэгістрацыі шлюбу пара раз’ехалася па розных дамах.
З таго моманту разам муж і жонка не жылі, агульнага бюджэту і гаспадаркі не вялі.
«На працягу ўсяго перыяду часу сумесна не фатаграфаваліся, не знаёмілі сваякоў з мужам (жонкай) і не паведамлялі аб рэгістрацыі шлюбу, не аказвалі дапамогі адно аднаму ў перыяды часовай непрацаздольнасці. Так, адказчык С. не наведваў Г. у перыяд яе хваробы і знаходжання на лячэнні ў медустанове ва ўмовах стацыянара», — паведамілі ў судзе.
Пара іскавыя патрабаванні не прызнала: казалі, што блізкія адносіны ў іх былі да шлюбу, а пасля вяселля нібыта яны ўсё ж праводзілі час разам.
Вывучыўшы ўсе матэрыялы і заслухаўшы сведак, суд прызнаў шлюб несапраўдным. Таксама адказчыкаў абавязалі аплаціць дзяржпошліну: па 60 рублёў з кожнага.
