Апошняе відэа з затрыманым, дзе быў бачны ягоны твар, выйшла на канал ГУБАЗіКа 30 кастрычніка 2024 года. Але сілавікі не здолелі абысціся без кантэнту з прыніжэннем затрыманых беларусаў.

Апошнія два дні ГУБАЗіК адкрыў для сябе новы фармат кантэту з прыніжэннем затрыманых. Цяпер яны не паказваюць твар чалавека, а падстаўляюць відэашэраг пад запісанае аўдыя з голасам затрыманых.

Гэта сведчыць пра тое, што яны ўсё ж запісваюць відэа з затрыманымі, але не выкладаюць іх.

Нагадаем, 30 кастрычніка 2024 года ў тэлеграм-канале «Графач», блізкім да міністра інфармацыі Марата Маркава, выйшаў заклік болей не публікаваць «пакаяльныя відэа»: «Ёсць меркаванне, што яны ўжо выканалі сваю ролю. … Эфект ужо дасягнуты, і далейшы прыём нават самых карысных лекаў можа мець пабочкі».

Пасля гэтага, выглядае, губазікаўцам загадалі адмовіцца ад ранейшай рэпрэсіўнай практыкі. На працягу месяца сілавікі прыслухоўваліся да падказкі, а цяпер знайшлі спосаб фармальна абысці яе.

Наша Ніва