Новы міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч расказаў тэлерадыёкампаніі LRT, ці плануе Вільня закрываць апошнія два пункты пропуску, якія працуюць на мяжы з Беларуссю: «Каменны Лог» — «Меднікі» і «Беняконі» — «Салечнікі».

Ён растлумачыў, што па «пэўных калідорах» перавозкі ідуць не толькі ў Беларусь і Расію, «але і далей». «Напэўна, мы не можам зачыніцца», — працытавала Кандратовічуса LRT.

Пры гэтым міністр мяркуе, што кантроль на памежных пунктах «павінен быць узмоцнены […] як з-за парушэння санкцый, так і з-за магчымага, скажам так, уезду непажаданых асоб у Шэнген», — сказаў ён.

“Мы пагаворым з камандзірамі [пунктаў пропуску], паглядзім, якая сітуацыя, але я мяркую, што закрываць [іх] на гэты момант зусім няма неабходнасці”.

Таксама Кандратовіч удакладніў, што практыка “разварочвання” мігрантаў на мяжы працягнецца.