
Удзельнік вызвольнага руху, публіцыст, камандзір паўстанцкага атраду ў 1863 годзе Юльян Бакшанскі нарадзіўся 7 снежня 1824 года ў маёнтку Тупальшчына (Смаргонскі раён). Паходзіў са шляхецкага роду Бакшанскіх. Бацька – Юзаф, быў родам з Смаргоні, дзе працаваў суддзём, быў уладальнікам Тупальшчыны і кіраваў казённым маёнткам Смаргонь, які належаў графу Каралю Пшаздзецкаму, але быў канфіскаваны за ўдзел гаспадара ў вызвольным паўстанні 1830-31 гадоў і перайшоў ва ўласнасць дзяржавы. Маці – Юстына з роду Невяровічаў.
Вучыўся Юльян Бакшанскі ў Віленскай гімназіі. У 1842 годзе за захоўванне забароненых кніг расейская ўлада выслала яго ў Разанскую губерню. Вярнуўшыся са ссылкі, у 1847 годзе Бакшанскі зрабіў спробу узняць паўстанне смаргонскіх сялян. Напісаў адозву, у сваім звароце да іх заклікаў аб’яднацца з гарадской беднатой і салдатамі і выступіць супраць расейскіх памешчыкаў, чыноўнікаў і афіцэраў. Але гэты план здзейсніць не ўдалося. Юльян Бакшанскі быў арыштаваны і засуджаны да 12 гадоў катаргі.
У 1863 годзе Бакшанскі вярнуўся на радзіму. Яго вольналюбівая няўрымслівая натура не магла цярпець акупацыі краю чужынцамі. Бакшанскі далучыўся да паўстання, як і Кастусь Каліноўскі, належаў да шэрагу больш радыкальных рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты кірунак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.
Неўзабаве Юльян Бакшанскі арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў, які дзеіў на тэрыторыі Маладэчаншчыны і Вялейшчыны. Галоўнай мэтай было стварыць шматлікую баяздольную арганізацыю, прыцягнуць да змагання шмат сялян. Жыхары Маладэчна і навакольных земляў падтрымалі Бакшанскага і бралі актыўны ўдзел у паўстанні, аднак сілы былі няроўныя. Расейскія ўлады на чале з Мураўёвым-вешальнікам жорстка распраўляліся з паўстанцамі і прыкладна ў траўні 1863 года паўстанне было амаль задушана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, толькі на Гарадзеншчыне яшчэ працягвалася барацьба. Бакшанскі працягваў змагацца, але 4 красавіка 1863 года яго атрад трапіў у засаду расейцаў каля вёсак Свечкі і Плябань (цяпер Маладэчанскі раён). У ар’ергардным баі з царскімі казакамі загінуў амаль увесь паўстанцкі атрад, у тым ліку і яго кіраўнік Юльян Бакшанскі, а таксама Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі і 15-гадовы хлопец Ігнат Сулістроўскі. На месцы гераічнай смерці паўстанцаў, у 1980-ыя гады каля вёскі Плябань быў усталяваны крыж і пастаўлены помнік. Пасля паўстання на Маладэчаншчыне разгарнулася актыўная палітыка русіфікацыі краю. Менавіта на Маладэчаншчыне, у 1944 годзе, у 105-гадовым веку, памёр апошні ўдзельнік паўстання 1863 года, Ігнат Абрамовіч, які пахаваны ў мястэчку Краснае пад Маладэчнам.
У цяперашняй Беларусі Юльян Бакшанскі не ўшанаваны ніяк. На месцы былой сядзібы ў Тупальшчыне ад самога сядзібнага дома не засталося нават падмуркаў. Там зараз калгаснае поле.
