
У 2024 годзе кожная чацвёртая заява на студэнцкую візу ў Польшчу ад беларусаў была адхілена, паведамляе “Белсат”. Паводле дадзеных МЗС Польшчы, з 1 студзеня па 31 кастрычніка было пададзена 3433 заявы на студэнцкія візы, аднак зацверджаны толькі 2540. Адмову атрымалі 893 заяўнікі — гэта 26 % ад агульнай колькасці.
Праблемы з атрыманнем віз пачаліся яшчэ ў жніўні, калі беларусам сталі часта адмаўляць у студэнцкіх візах. Адмовы паступалі не ад консула, як звычайна, а ад Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Таксама польскія консульствы пачалі патрабаваць сертыфікат аб веданні польскай мовы і настрыфікацыю атэстата — патрабаванні, якія раней не высоўваліся.
Настрыфікацыю можна зрабіць толькі на тэрыторыі Польшчы, але для ўезду неабходная віза, якую, у сваю чаргу, не выдавалі без настрыфікацыі.
Універсітэты спрабавалі вырашыць гэтую праблему, дазволіўшы студэнтам афармляць дакументы праз прадстаўнікоў, аднак гэтая мера не дапамагла ўсім.
У выніку некаторыя студэнты дагэтуль не могуць выехаць на вучобу.
