Ажно каля 60 тысяч чалавек будуць задзейнічаныя ў рабоце выбарчых камісій на так званых прэзідэнцкіх выбарах у студзені 2025 года. Такія даныя прывёў цяперашні старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, перадае БЕЛТА. Але іх спісы будуць засакрэчаны. 

Гэта азначае, што 60 тысяч чалавек (дадайце сюды яшчэ тысячы міліцыянтаў) будуць задзейнічаны на “спецаперацыі” па пераафармленні чарговага тэрміна кіравання Лукашэнкі і атрымаюць за гэта грошы з дзяржаўнага бюджэту, гэта значыць з працы іншых грамадзянаў. Аднак камуніст Карпенка патлумачыў гэта зусім іначай:

«Гэта грамадзяне, якія працуюць на асноўных месцах работы. І ў вольны ад гэтай дзейнасці час садзейнічаюць у вырашэнні важных дзяржаўных задач, арганізуючы працэс выбараў у адпаведнасці з заканадаўствам і яго патрабаваннямі», — кажа Ігар Карпенка.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама прывёў сваю версію, чаму прынята рашэнне не публікаваць поўныя спісы персанальнага складу членаў выбарчых камісій рознага роўню.

«Сёння дакладна даказана, што гэтыя спісы станавіліся аб’ектам вывучэння спецслужбаў шэрагу дзяржаў, якія пераследвалі свае пэўныя мэты. У далейшым пачынаўся своеасаблівы булінг гэтых людзей», — сцвярджае ён. Насамрэч жа такая сакрэтнасць яскрава паказвае ўсю “папулярнасць” “обшчанацыянальнага лідзера”. Многім удзельнікам гэтых камісій проста сорамна ў іх знаходзіцца, а кіраўніцтвам камісій страшна за тое, што ім давядзецца ў будучым у судах адказваць за незаконныя дзеянні.