
Лесніка з Свіслачы Вітольда Шалкевіча судзяць за каментары ў тэлеграме па шасці крымінальных артыкулах. Яму пагражае да 12 гадоў
Вітольду Шалкевічу 44 гады. Ён родам з буйнога мястэчка Поразава Свіслацкага раёна. У Вітольда ёсць жонка і дзве непаўналетнія дачкі.
Яго затрымалі ў жніўні 2023 года проста на працы. Спачатку прысудзілі арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля губазікаўцы знялі з ім відэа і перавялі з СІЗА. Па звестках праўладных тэлеграм-каналаў, Шалкевіч пакінуў некалькі тысяч каментароў у розных чатах, піша (https://nashaniva.com/356778) «Наша Ніва».
Суд над Вітольдам пачынаецца 9 снежня ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК), «арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК), «абразе суддзі» (арт. 391 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК).
Справу прызначаны разглядаць суддзя Руслан Гурын.
