Фігуранта “справы Ціханоўскага” Уладзіміра Кнігу ўтрымліваюць у няволі чатыры гады і чатыры месяцы, з іх больш за год і тры месяцы — у рэжыме інкамунікада без сувязі са знешнім светам. Летась палітвязню дадалі яшчэ адзін год зняволення па новай крымінальнай справе і перавялі ў барысаўскую калонію № 14. Па інфармацыі “Вясны”, там на Уладзіміра працягваюць ціснуць: яго змясцілі ў ПКТ і рэгулярна выпісваюць новыя парушэнні. Акрамя гэтага, яго пазбавілі перадач, спатканняў і званкоў. 

Уладзімір Кніга — былы сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. Ён жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Уладзіміра затрымалі 4 чэрвеня 2020 года пасля пікету Святланы Ціханоўскай у Гародні. Раней Кніга служыў у міліцыі, у патрульна-паставой службе спецыяльнага прызначэння, але не ў АМАПе. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэнне ўлады. Праз два гады ён вызваліўся. Апошнім часам працаваў кіроўцам смеццявоза.

Яго звінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гародні (ч. 1 арт. 342 КК)а таксама ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). 

У Гародні 2 чэрвеня 2021 года пасля доўгага судовага працэсу Уладзіміру прысудзілі 4 гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Тэрмін яго накіравалі адбываць у барысаўскую калонію № 14, дзе неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар. Праз шматлікія “парушэнні” правілаў унутранага распарадку (ПУР) палітвязню ўзмацнілі рэжым і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Вядома, што там яго таксама больш за чатыры месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Пазней па ініцыятыве адміністрацыі жодзінскай турмы супраць Кнігі ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі).

У Жодзіне ў ліпені 2023 года над ім адбыўся суд. Суддзя Іван Грынкевіч прызнаў Уладзіміра вінаватым і прызначыў яму яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі.