Урад Польшчы разглядае змены ў правілах, якія спросцяць навучанне для беларусаў, у тым ліку тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій, і палякаў з Беларусі, паведамляе Беларуская служба Польскага радыё. 

Абітурыенты сутыкаюцца з праблемай тэрміну дзеяння школьнага атэстата, які зараз складае два гады.

Калі тэрмін дзеяння атэстата скончыўся, маладыя людзі павінны вяртацца ў Беларусь для падаўжэння дакумента, што для многіх беларусаў небяспечна. Каб вырашыць гэтую праблему, у Польшчы прапанавалі прызнаць дзеянне беларускага школьнага атэстата бестэрміновым.

Такая ідэя прагучала на канферэнцыі «Нацыянальныя, этнічныя і моўныя меншасці ў Польшчы на еўрапейскім фоне» ў Беластоку.

У гэтую справу ўмяшаўся віцэ-спікер Сената Мацей Жыўна па ўзгадненні з Міністэрствам навукі і вышэйшай адукацыі, дадае Беларуская служба Польскага радыё.

— Нам вельмі важна, каб палякі з Беларусі, а таксама прадстаўнікі апазіцыі, дзеці прадстаўнікоў апазіцыі маглі вучыцца ў Польшчы. Да гэтага часу маем заблакаваную сітуацыю, калі чалавек не прадставіў гэтага дакумента, ён не можа пачаць навучанне ў Польшчы, — паведаміў Мацей Жыўна.

Намеснік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэй Шэптыцкі дадаў, што летась у Польшчы навучаліся каля 12 тысяч беларускіх грамадзян. Гэта другая па колькасці група замежных студэнтаў, пасля ўкраінцаў.

Нагадаем, што ў траўні 2024 году Міністэрства адукацыі Беларусі  адмовілася выдаваць беларускім абітурыентам даведкі, якія пацвярджаюць сапраўднасць атэстатаў. Гэты дакумент патрабавалі польскія ВНУ падчас паступлення.

Еўрарадыё