Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Лэмі ў Сусветны дзень правоў чалавека 10 снежня напісаў лісты падтрымкі тром актывістам, сярод іх — Нобелеўскі лаўрэат, беларускі палітзняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі. Тэкст ліста апублікавала 11 снежня ў сацыяльнай сетцы Х амбасада Вялікабрытаніі ў Беларусі.

«Вялікабрытанія ўважліва сачыла за Вашай справай з таго часу, як Вас разам з Вашымі калегамі арыштавалі паводле палітычна матываванай справы ў Беларусі ў 2021 годзе за вашу працу па абароне правоў чалавека. Вашыя шматгадовыя намаганні як заснавальніка менскага праваабарончага цэнтру „Вясна“ па падтрымцы палітвязняў, дакументаванні парушэнняў правоў чалавека і закліках да дэмакратыі адлюстроўваюць каштоўнасці Вялікабрытаніі і надзеі для Беларусі. Прысуджэнне Вам Нобелеўскай прэміі міру ў 2022 годзе сімвалізуе Вашу адвагу і значнасць Вашай працы», — гаворыцца ў лісце.

У лісце Дэвід Лэмі падкрэслівае, што Вялікабрытанія салідарная з Алесем Бяляцкім, а таксама са шматлікімі іншымі беларусамі, якія сталі ахвярамі рэпрэсіяў.