
Чарговае папапаўненне спісу экстрэмістаў правялі лукашэнкаўскія “мусавікі”. Туды ўключылі яшчэ 33 чалавекі. І цяпер у гэтым спісе МУС ажно 4 766 чалавек.
Сярод іншых патрапіў у экстрэмісцкі спіс і гарадзенец Ежы Грыгенча, ён значыцца пад нумарам 4755. Прычым напісана, што ён “отбывает наказание”.

Напомнім, што Гарадзенскі абласны суд 21 лістапада завочна абвесціў прысуд грамадска-палітычнаму актывісту Ежы Грыгенчу: шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма, а таксама штраф ажно на 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў). Справу разглядаў суддзя Васіль Скок. Грыгенчу прызналі вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў.
Ежы Грыгенча – вядомы гарадзенскі грамадска-палітычны актывіст, якога раней неаднаразова затрымлівалі. З 2020 года знаходзіцца ў змушанай эміграцыі. Спецвытворчасць супраць яго распачалі яшчэ ў лістападзе 2023 году. Па месцы былога жыхарства актывіста прайшлі некалькі ператрусаў, на маёмасць Грыгенчы і яго жонкі накладзены арышт. У мэтах забеспячэння выплаты штрафу, накладзены на яго маёмасць арышт не адмянілі.
Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).
