
Наваполацкую папраўчую калонію № 1 называюць адной з самых жорсткіх паводле ўмоў утрымання палітвязняў. Паводле звестак праваабаронцаў, тут утрымліваюць больш за сто беларусаў з палітычна матываванымі, незаконнымі тэрмінамі пакарання. Ад былога палітвязня, які вызваліўся з ПК-1, «Белсат» даведаўся апошнія навіны пра журналістаў – Ігара Лосіка, Анджэя Пачобута і Андрэя Аляксандрава.
Вось што расказаў пра Пачобута суразмоўца Белсату:
«Пачобута мы бачылі вельмі нячаста. – Ведаю, што з каранціну яго амаль адразу закрылі ў ШІЗА. Потым нейкі час ён быў у 4-м атрадзе. Ён вельмі цікавы і адукаваны. Амаль адразу пасля знаёмства з ім зразумелі, што яго «закатаюць» у ПКТ.
Перад тым, як ён да нас трапіў, падсадзілі «качку». Гэта быў асуджаны за наркотыкі. Яго спецыяльна прывезлі, каб ён пасядзеў з Бабарыкам і з Пачобутам і здаў усё, што даведаўся. Інфармацыя вельмі хутка прасачылася. Мы адразу папярэдзілі Анджэя. Ён спакойна на гэта адрэагаваў».
У кожным атрадзе ёсць расклад уборак. Раптам у раскладзе з’явіўся Пачобут. Гэта значыць, што яго, каб закрыць у ПКТ, прымусяць выконваць працу, якую ён не можа рабіць па стане здароўя або з прынцыпу. У той жа дзень журналіста «забралі».
«Выходзім на наступную раніцу на зарадку – а там Анджэй. Мы: “Цябе ж забралі”. А ён: “Забралі. Адвялі ў адстойнік [клетку з двума аддзяленнямі – Заўв. рэд. «Белсат»] на медагляд. Памералі ціск – высокі. Нейкім чынам трапіўся нармалёвы лекар, і адмовіўся афармляць. Вырашылі пачакаць лекара без сумлення».
Так і здарылася. Пасля змены медыка Пачобута ўсё ж «закрылі».
Пасля гэтага, паводле нашага суразмоўцы, да журналіста не раз прыязджалі, прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні, «каб ад яго пазбавіцца».
У калоніі ўсе выдатна разумеюць: каб выпусціць Пачобута, трэба рашэнне аднаго чалавека – Лукашэнкі.
«Па тым, што адбываецца з Пачобутам у ПК-1, мы зразумелі, што гэта прынцыповы момант. Ён [Аляксандр Лукашэнка] хоча, каб Анджэй пакаяўся асабіста, – лічыць былы палітвязень. – Яму нават гатовыя бланкі падсоўвалі. Гэта значыць, не трэба было ў адвольнай форме нават пісаць нічога, як раней. Але Анджэй усё роўна не падпісаў».
Паводле суразмоўцы, некалькі разоў Анджэя Пачобута адпраўлялі ў ШІЗА і не давалі яму неабходных лекаў. Месяцамі да яго не даходзяць лісты і перадачы, а спатканняў і тэлефанаванняў родным практычна не было.
«Гэта яго моцна аслабіла, – кажа суразмоўца. – У Анджэя праблемы з сэрцам, вельмі скача ціск, моцна сеў зрок, але ён усё роўна не здаецца».
