
Беларускія карыстальнікі скардзяцца на праблемы з доступам да месенджара Viber. Днямі яго забаранілі ў Расеі.
Чытачы Devby расказалі, што ў мэсэнджары стала немагчыма адпраўляць і атрымліваць паведамленні. Гэтая праблема вырашаецца толькі пры ўключаным VPN. Іншыя СМІ таксама пішуць, што ў беларускіх карыстальнікаў пачаліся праблемы з працай сэрвісаў Viber.
Найбольш скардзяцца на працу месенджара абаненты ByFly, але адзінкавыя скаргі на нізкую якасць сувязі ёсць і ад абанентаў A1.
У тэхпадтрымцы ByFly пра праблему ведаюць. Аднак спецыялісты кажуць, што з боку аператара ніякіх збояў няма. Яны рэкамендуюць звярнуцца ў падтрымку карыстальнікаў Viber.
Скаргі на працу мэсэнджара з’явіліся пасля таго, як яго заблакавалі ў Расеі. Расейскія ўлады заявілі, што гэта робіцца, каб прадухіліць “выкарыстанне мэсэнджара ў тэрарыстычных і экстрэмісцкіх мэтах, вярбоўкі грамадзян для іх здзяйснення, продажу наркотыкаў, а таксама ў сувязі з размяшчэннем супрацьпраўнай інфармацыі”.
