
Напярэдадні навагодніх святаў на Гарадзеншчыне суб’ектам гаспадарання нагадалі патрабаванні да арганізацыі “культурна-масавых мерапрыемстваў”. Арганізацыя, якая будзе весці святочны канцэрт, мусіць атрымаць гастрольнае пасведчанне. Гэта датычыць і карпаратываў у аграсядзібах або “на аб’ектах харчавання”, калі туды запрошаны музыкі.
Парушэнні будуць выяўляць спецыяльныя камісіі, якія дзейнічаюць пры райвыканкамах. У іх склад уваходзіць прадстаўнікі аддзелу культуры, міліцыі, падатковай інспекцыі. Яны не толькі адсочваюць рэкламу мерапрыемстваў, але і здзяйсняюць “рэйды”. Сёлета па Гарадзенскай вобласці спецкамісіі выяўлялі парушэнні ў Лідзе і Гародні.
