
Паводле апошняга ўказу Лукашэнкі акрамя перапрызначэння і прызначэння новых суддзяў некалькі суддзяў па Беларусі выйшлі ў адстаўку. Сярод іх і прыкметны Васіль Скок з Гарадзенскага абласнога суду. Яго месца ў прэзідыуме абласнога суду зойме цяпер Віталь Кулеш. Так што завочная крымінальная справа і прысуд грамадскаму актывісту ў лістападзе гэтага году Ежы Грыгенчу сталі “дзембельскім акордам” для Скока. Напомнім, што ён завочна прысудзіў Грыгенчу шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма, а таксама вялізны штраф ажно на 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў).
Судддзя Васіль Скок некалі працаваў у Ваўкавыску. Быў дэпутатам Вярхоўнага савету 13-га склікання. Меў збольшага дэмакратычныя погляды. Потым пачаў працаваць суддзём Гарадзенскага абласнога суду. Ад палітычна матываваных працэсаў стараўся ўхіляцца. Аднак пазней стаў саўдзельнікам палітычных рэпрэсій, хоць вёў ня так шмат палітычных карных судоў. Яшчэ да рэпрэсій 2020 году не задаволіў шэраг касацыйных скаргаў незаконна засуджаных грамадскіх актывістаў Гарадзеншчыны па адміністрацыйных справах.
Скок абвяшчаў абвінаваўчыя прысуды па палітычна матываваных справах, дзе прысудзіў штрафы на агульную суму не менш за 540 рублёў.
19 верасня 2022 года прыгаварыў Андрэя Сачэўку да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму за размяшчэнне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльнай сетцы. Вядома, што Сачэўка мае расстройства асобы.
17 лютага 2023 года асудзіў падпалкоўніка запасу Андрэя Быкава і прызначыў яму 5 гадоў пазбаўлення волі за каментары ў інтэрнэце.
2 сакавіка 2023 года прыгаварыў былога супрацоўніка сілавых органаў Андрэя Шкляра да 10 гадоў пазбаўлення волі за “здраду дзяржаве”.
Са жніўня 2024 года Скок знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвяза. У тым жа месяцы ён патрапіў пад санкцыі Швайцарыі.
