
У Гарадзенскай вобласці пасля выбарчай кампаніі 2020 году і мірных пратэстаў было пачата каля 3 250 крымінальных спраў “экстрэмісцкай скіраванасці”. Пра гэта паведаміў старшы памочнік пракурора Гарадзенскай вобласці Уладзімір Рабаў на круглым стале, які арганізавала прадзяржаўнае аб’яднанне “Белая Русь” на базе аддзялення Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў па Гарадзенскай вобласці. Гэтыя лічбы сапраўды ўражваюць і паказваюць на сапраўдны палітычны тэрор супраць мірных грамадзянаў.
Інфармацыю пра колькасць крымінальных спраў за “экстрэмізм” падала галоўная абласная дзяржаўная газета “Гродзенская праўда”.
Паводле слоў намесніцы начальніка аддзелу лінейнага працэсуальнага кантролю ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці Алесі Ульдзіновіч, сёлета “есть тенденция к уменьшению количества».
«В текущем году наблюдается тенденция к уменьшению количества зарегистрированных преступлений этой категории. Одновременно отмечается положительная динамика в деятельности правоохранительных органов региона по раскрытию преступлений, связанных с экстремистской и террористической деятельностью. Она превысила 90%, этот показатель выше среднереспубликанского значения», – расказала Ульдзіновіч.
Усяго ў “постэлектаральны перыяд” вызначана больш 800 асобаў, якія здзяйснялі ў рэгіёне злачынствы “экстрэмісцкай скіраванасці”. Крымінальныя справы ў дачыненні 597 чалавек на даны момант па 1 265 “злачынных эпізодах” пераданыя пракурорам для накіравання ў суд. Пра гэта таксама паведаміла прадстаўніца СК Ульдзіновіч.
