
Барыс Пухальскі падчас следчага эксперыменту ў Талачынскім раёне / Кадр з відэа
Генпракуратура Беларусі паведамляе пра прысуд па справе чарговай групы рэйкавых партызанаў. Яны засуджаны на тэрміны ад 11 да 25 гадоў зняволення. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме ў Менскім гарадскім судзе. Сярод засуджаных – два жыхары Гародні.
КГБ паведаміў пра затрыманне групы (“баявой ячэйкі”) ў верасні 2023-га. Сцвярджалася, што гэтыя людзі “працавалі на Службу бяспекі Украіны” і рыхтавалі “тэракты”. Кіраўніком групы назвалі ўкраінца Івана Ліхалата, які з 2013-га жыве ў Беларусі, стварыў сям’ю. Ён нібыта прыцягнуў да арганізацыі дыверсіі на чыгунцы ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці двух жыхароў Гародні з “прафесійнымі навыкамі мінна-выбуховага справы” — Івана Бародзіча і Барыса Пухальскага. Гэтая гісторыя была падобная на правакацыю дзяржбяспекі. Пасля затрымання Пухальскі казаў, што мэтай дыверсіі было спыненне вайсковых цягнікоў. Выбухоўку забраў са схованкі ў Кобрынскім раёне Берасцейскай вобласці, прывёз на Віцебшчыну. Калі ён прыбыў на месца, там яго ўжо чакаў спецназ КГБ. Нічога падарваць не паспеў.
У спробе падрыву чыгункі звінавацілі Пухальскага і Ліхалата (у “замаху на акт тэрарызму”, “замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць сродкаў чыгуначнага транспарту”). Барыса Пухальскага таксама звінавацілі ў “здрадзе дзяржаве” і “незаконным абароце выбуховых рэчываў”, Івана Ліхалата — у “агентурнай дзейнасці”. Бародзіча звінавацілі ў “здрадзе дзяржаве” і “неданясенні аб злачынных дзеяннях, якія планаваліся і рыхтаваліся”.
