
Беларускі настаўнік, кіраўнік арганізацыйнага аддзелу Саюзу Вызвалення Беларусі, вязень савецкіх канцлагераў Міхась Кожыч нарадзіўся 22 снежня 1924 года ў вёсцы Поўбераг (цяперашні Наваградскі раён). Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну скончыў курсы для настаўнікаў у Наваградку. Працаваў настаўнікам у роднай вёсцы Поўбераг, пакуль у 1944 годзе савецкія партызаны не спалілі школу. Пасля працаваў у паліклініцы ў Наваградку, але летам таго ж года быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў на фронце на Вісленскім плацдарме, фарсіраваў раку Одэр, пры тым быў цяжка паранены.
У 1946 годзе уступіў у Саюз Вызвалення Беларусі, створаны па ініцыятыве Генадзя Казака, нараджэнца Наваградчыны. Міхась Кожыч, які меў псеўданім «Дубовы», стаў адным з кіраўнікоў арганізацыі, узначальваў Арганізацыйны аддзел структуры. Саюз Вызвалення Беларусі быў заснаваны ў лістападзе ў Наваградку па ініцыятыве рэпатрыіраванага на радзіму былога сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі Генадзя Казака (мянушка «Віктар»). На чале фінансавага аддзелу быў Кастусь Рамановіч (псеўданім «Сокал»), таксама нараджэнец Наваградчыны. Генадзем Казаком была распрацавана палітычная праграма арганізацыі. Асноўнай мэтай абвяшчалася стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы, якая павінна стаць рэспублікай працоўнага сялянства, рабочых і інтэлігенцыі. У дзяржаву ўключаліся ўсе тэрыторыі, дзе пражывалі і мелі колькасную перавагу беларусы (Міншчына, Беласточчына, Віленшчына, Віцебшчына, Гродзеншчына, Магілёўшчына, Палессе, Полаччына і Смаленшчына). Эканамічнай асновай дзяржавы абвяшчалася дзяржаўная ўласнасць на зямлю, заводы і фабрыкі, усе віды транспарту і камунікацый. Продаж зямлі не дапускаўся.
Арганізацыйны камітэт галоўную стаўку рабіў на папаўненне арганізацыі настаўнікамі, студэнтамі педагагічных інстытутаў, тэхнікумаў, вучнямі педвучылішчаў і сярэдніх школ. Дзейнасць арганізацыі галоўным чынам была абмежаваная правядзеннем антысавецкай прапаганды, але таксама сябры арганізацыі не выключалі збройны супраціў, у тым ліку тэракты. Былі ўтвораныя мясцовыя аддзелы арганізацыі. Арганізацыя базавалася на сістэме «троек», але належнай сістэмы канспірацыі не было: напрыклад, вяліся пратаколы пасяджэнняў кіраўніцтва арганізацыі, якія пасля трапілі ў рукі савецкага МГБ.
Пад канец траўня 1947 года савецкія спецслужбы арыштавалі ў Баранавіцкім раёне 18 сябраў арганізацыі, якіх выдалі правакатары. Неўзабаве таксама было арыштаванае і ўсё кіраўніцтва арганізацыі. 30 жніўня 1947 года ваенны суд прысудзіў удзельнікаў арганізацыі карныя тэрміны ад 8 да 25 гадоў савецкіх канцлагераў. Вядомыя 15 сябраў арганізацыі, якія былі засуджаны па справе Саюза Вызвалення Беларусі савецкім ваенным трыбуналам у Баранавічах.
Міхась Кожыч быў арыштаваны 30 траўня, яго засудзілі да дзесяці гадоў сталінскага канцлагера. Пасля вызвалення працаваў будаўніком. Разам з сям’ёй змог вярнуцца з Казахстана ў Беларусь толькі ў 1960-х гадах, пасля чаго жыў у Наваградку.
Апошнія гады Міхась Кожыч вельмі цяжка хварэў, быў прыкуты да ложка. Памёр 23 кастрычніка 2013 года. Ён меў 88 гадоў і быў апошнім з сябраў Саюзу вызвалення Беларусі. Так і не быў рэабілітаваны ўладай.
