
Абодва энергаблокі Беларускай атамнай электрастанцыі вось ужо два тыдні не выпрацоўваюць электрычнасць. Улады і кіраўніцтва БелАЭС не спяшаліся паведаміць пра гэта насельніцтву, а пачалі каментаваць чуткі толькі пасля ўцечкі інфармацыі ў незалежныя СМІ.
Кажа экс-супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, хімік Сяргей Бесараб:
– Афіцыйна прызналі, што ні адзін з рэактараў не працуе. Адзін рэактар нібыта знаходзіцца ў рэжыме чарговага абслугоўвання, гэта можа быць што заўгодна, пачынаючы ад замены паліва, да рамонту. А другі зараз знаходзіцца ў рэжыме халоднага спынення. Гэта фактычна рэактар заглушаны. У такім стане ён можа знаходзіцца неабмежавана доўга. Ён можа гадамі заставацца ў такім рэжыме і плаўна перайсці ў дэмантаж. Пакуль АЭС прастойвае, Беларусь выплачвае крэдыт за яе. І гэта б’е ў першую чаргу па жыхарах Беларусі, па іх кішэнях.
На думку Сяргея Бесараба, маецца ў гэтай сітуацыі і станоўчы эфект. Прынамсі, БелАЭС не пагражае радыяцыйнай небяспекай жыхарам краіны, а таксама Польшчы і Літвы, паколькі пры заглушаных рэактарах мажлівасць паўтарэння чарнобыльскай аварыі – мізэрная.
Беларускае Радыё Рацыя
