Міністэрства замежных справаў Літвы прапаноўвае падоўжыць дзеянне закону аб абмежавальных захадах у дачыненні грамадзянаў Беларусі і Расеі да 2 траўня 2026 года.

Як паведамляе партал lrt.lt, у абгрунтаванні адпаведнага рашэння адзначаецца, што развязаная Расеяй вайна супраць Украіны працягваецца, таму прычыны для прыняцця закону «не зніклі».

«Дзеянні РФ маюць істотны негатыўны ўплыў не толькі на бяспеку Еўразвязу і краінаў чальцоў NАТО, але і на бяспеку Еўропы ў цэлым», – гаворыцца ў тлумачальным паданні да законапраекту.

Пры гэтым спікер Сейму Літвы Саўлюс Сквярняліс у інтэрв’ю BNS не выключыў магчымасці ўзмацнення абмежавальных захадаў:

«Я не сумняваюся, што пасля працэсу, які будзе называцца выбарамі ў Беларусі, нас чакае велізарны выклік. Пытанне пра санкцыі і іх маштабы, асабліва калі гаворка ідзе пра Беларусь, магчыма, зменіцца, але не ў бок змяншэння. Гэта звязана з пагрозай нашай нацыянальнай бяспецы».

Ён падкрэсліў, што ўсе гэтыя абмежаванні павінны быць «разумнымі» і не павінны парушаць інтарэсаў людзей, якім Літва «дала магчымасць часова жыць у краіне», але ўсе рашэнні належыць «разглядаць праз прызму бяспекі».

Нагадаем, упершыню літоўскі Сейм увёў нацыянальныя санкцыі для грамадзянаў Расеі і Беларусі ў 2023 годзе.