Гарадзенскі і Берасцейскі аблвыканкамы з 1 студзеня 2025 года часова адмянілі мясцовы збор, які бралі з транспартных сродкаў пры перасячэнні беларускай мяжы.

У Гарадзенскім аблвыканкаме паведамілі, што збор у пунктах пропуску плануецца зноў увесці цягам І квартала. Пра яго аднаўленне будзе паведамлена дадаткова.

Мясцовы збор за перасячэнне мяжы транспартнымі сродкамі пры выездзе з краіны ўвялі ў 2021 годзе. У Дзяржаўным памежным камітэце яго ўвядзенне тлумачылі змаганнем з каранавірусам. І хаця пік інфекцыі даўно мінуў, збор працягвае дзеіць. Паколькі ён мясцовы, грошы ідуць у абласны, а не агульнадзяржаўны бюджэт

Такі збор ёсць ў трох абласцях — Берасцейскай, Віцебскай і Гарадзенскай. Плаціць яго трэба тым, хто едзе ў краіны Еўразвязу. Пры выездзе ў Расею такі збор не прымяняецца. Суму збору вызначаюць абласныя саветы дэпутатаў, ён складае адну базавую велічыню (на сёння гэта 40 рублёў).

Чыноўнікі дазволілі аблсаветам з 2025 году зацвярджаць такі збор на пастаяннай аснове.