
Вялля насупраць Данюшаўскага касцёлу, фота Гарадзенскай праваабароны
У Смаргонскім раёне жыхары вёсак Новая Рудня, Маркоўцы і іншых папрасілі дапамогі — няма на чым пераправіцца праз Вяллю. Раней там быў мост, пасля — паром, а апошнім часам выкарыстоўвалі лодку (яе людзі купілі на свае грошы), але яна ўжо няспраўная.
На іншы бераг ракі вяскоўцы перапраўляліся, каб трапіць у касцёл у Данюшаве. Там жа знаходзяцца могілкі, на якіх пахаваныя сваякі жыхароў згаданых вёсак. Наўпрост праз раку шлях складае каля трох кіламетраў. Цяпер жа даводзіцца ездзіць праз Смаргонь, а гэта ўжо больш за 20 км. Ды і не ва ўсіх ёсць асабісты аўтатранспарт, піша раённая газета “Светлы шлях”.
Пра гэтую праблему расказалі члену Савета Рэспублікі Андрэю Янушку, які прымаў грамадзян у Смаргоні. Жанчыне, якая да яго прыходзіла, чыноўнік паабяцаў даць пісьмовы адказ. Але наўрад ці чыноўнік вырашыць гэтую праблему.

