
Польшча мае завершыць работы па ўмацаванні сцяны на мяжы з Беларуссю да сярэдзіны 2025 года. Гэта дазволіць ёй спыніць наплыў мігрантаў, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта выданню «The Financial Times» паведаміў намеснік міністра міграцыі Польшчы Мацей Душчык. На яго думку, пасля таго, як работы ўздоўж 400-кіламетровай мяжы з Беларуссю будуць скончаныя, гэта дазволіць максімальна наблізіць бяспеку на памежжы да 100%.
«Гэты штучна створаны шлях міграцыі будзе закрыты наступным летам, я спадзяюся і веру ў гэта», – сказаў Душчык. Тым не менш ён заявіў, што Варшава павінна быць гатовая да чарговай спробы Лукашэнкі «нагнятаць канфлікт» і сабатаваць узмоцненую памежную інфраструктуру Польшчы.
