2024 год быў зноў надзвычай цяжкі для ўсёй Беларусі і для Гарадзеншчыны ў прыватнасці. Нарастанне палітычных рэпрэсій, хлуслівасць улады, здзекі з людзей, замкнутасць межаў, міжнародная ізаляцыя Беларусі – усё гэта толькі павялічылася. Развітваючыся з адыходным годам, прыпомнім тых людзей Гарадзеншчыны, якія пакінулі гэты свет на мінулым каляндарным адрэзку.

24 студзеня памёр заслужаны архітэктар Беларусі Яраслаў Ліневіч. Нараджэнец Бяліцы (Лідскі р-н).

28 студзеня ў Ваўкавыску памёр Мікола Аксаміт, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, сябра БНФ «Адраджэньне».

У студзені У Быдгашчы (Польшча) памёр Аляксандр Куваннікаў – удзельнік страйку на тытунёвай фабрыцы «Нёман» у 2020 годзе. 

14 красавіка ў Ваўкавыскім раёне памёр Мікола Крукаў, беларускі мастак, нараджэнец мястэчка Рось.

21 траўня ў Гародні памерла Ала Нікіпорчык, беларуская паэтка, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Нараджэнка в. Капці (Дзятлаўскі р-н).

8 кастрычніка ў Менску памёр Уладзімір Церабун, беларускі скульптар, мастак, нараджэнец в. Несьцяняты (Смаргонскі р-н).

18 кастрычніка ў Менску памёр Генадзь Цыхун, беларускі мовазнавец. Нараджэнец Гародні, сын краязнаўца Апанаса Цыхуна.

29 лістапада памёр Леанід Каравайка, беларускі дыпламат, першы генеральны консул Беларусі ў Амерыцы, у 2001-2007 гадах – генеральны консул Беларусі ў Беластоку. Нараджэнец Бярозаўкі.

13 снежня ў Слоніме памёр Пятро Бурсевіч, беларускі мастак, паэт.

Светлая памяць…