
2024 год на Гарадзеншчыне быў адзначаны працягам масавых палітычных рэпрэсій і пераследу. Аўтарытарная ўлада канчаткова пераўтвараецца ў таталітарную, а пераслед мірных людзей набыў сістэмны і паслядоўны характар.
У Гарадзенскай вобласці пасля выбарчай кампаніі 2020 году і мірных пратэстаў было пачата каля 3 250 крымінальных спраў “экстрэмісцкай скіраванасці”. Гэтыя лічбы сапраўды ўражваюць і паказваюць на сапраўдны палітычны тэрор супраць мірных грамадзянаў.
Усяго ў “постэлектаральны перыяд” вызначана больш 800 асобаў, якія здзяйснялі ў рэгіёне “злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці”. Крымінальныя справы ў дачыненні 597 чалавек на даны момант па 1 265 “злачынных эпізодах” пераданыя пракурорам для накіравання ў суд.
Агулам ў 2024 годзе паводле сумнавядомага артыкулу 19.11 КаАП за “распространение, изготовление или хранение экстремистских материалов” пад палітычны пераслед трапілі ажно 1557 грамадзян. Атрымліваецца, што ў сярэднім кожны тыдзень па Гарадзенскай вобласці судзілі па 30 чалавек.
Таксама паведамляецца, што па іншым палітычным артыкуле адміністрацыйнага кодэксу (артыкул 24.23) за “нарушение порядка проведения массовых мероприятий” засуджана па вобласці 36 чалавек.
У 2024 годзе было пачата 18 крымінальных спраў за «надругательство» над государственными символами, з якіх 15 былі здзейснены праз Інтэрнэт.
Гарадзенская вобласць трымае першае сумнае месца ў краіне па так званай спецвытворчасці – завочным крымінальным пераследзе. У 2024 годзе так былі засуджаны ажно 8 чалавек:
2 жніўня суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў вінаватай Вольгу Вялічку па сямі крымінальных артыкулаў і прызначыў ёй дзевяць гадоў зняволення, а таксама штраф 12 000 рублёў.
2 жніўня суддзя Уладзімір Пазняк прысудзіў Кацярыне Туманавай два з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
2 жніўня абвесцілі прысуд журналісту і былому палітвязню Алесю Кіркевічу – сем гадоў калоніі, а таксама штраф на 24 000 рублёў. Журналіста звінавацілі ў “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Справу “разглядаў” суддзя Юрый Казакевіч.
19 жніўня завочна абвешчаны прысуд журналісту і праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу па крымінальнай справе. Палітычны карны прысуд аформіў суддзя Ігар Собалеў. Па сукупнасці артыкулаў ён прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у «папраўчай» калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф – 1 тысяча базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў.
19 жніўня абвешчаны прысуд па завочнай крымінальнай справе сёстраў Надзеі Сцепанцовай і Жаны Захаркевіч. суддзя Юрый Казакевіч прызначыў пазбаўленне свабоды Надзеі Сцепанцовай на тэрмін 5 гадоў і 6 месяцаў, Жане Захаркевіч – на 5 гадоў з адбываннем зняволення ў «папраўчай» калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
30 жніўня абласны суд завяршыў “разглядаць” крымінальную справу супраць Вадзіма Саранчукова. Яму інкрымінавалі ч.1, ч.2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Суддзя Аляксандр Козел прысудзіў Саранчукову 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і 24 тысячы беларускіх рублёў штрафу.
21 лістапада абласны суд абвесціў прысуд грамадска-палітычнаму актывісту Ежы Грыгенчу: шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма, а таксама штраф ажно на 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў). Справу разглядаў суддзя Васіль Скок. Грыгенчу прызналі вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў.
Яшчэ 5 гарадзенцаў чакаюць абвяшчэння працэсаў і афармлення незаконных завочных прысудаў.
