
Не меней за 1721 чалавек асуджаныя па палітычных крымінальных справах у Беларусі за 2024 год. З іх 1241 мужчына (72,1%), 480 (27,9%) жанчынаў. Сярод агульнай колькасці асуджаных 21 чалавек пенсійнага веку: 14 жанчын і 7 мужчынаў. Сёлета ў нашай краіне працягваецца практыка завочных судоў. На 144 чалавекі заведзена спецвытворчасць. Больш за ўсё палітычных судоў адбылося ў Мінску, меней за ўсё – у Магілёўскай і Віцебскай вобласцях. Самы распаўсюджаны від пакарання па палітычна матываваных крымінальных артыкулах – пазбаўленне волі. Да зняволення асудзілі агулам 55,4 % беларусаў. А самай папулярнай нагодай для палітычных крымінальных судоў застаецца ўдзел у акцыях пратэсту – паводле арт. 342 КК асудзілі 1019 чалавек.
У лічбах і гісторыях распавядаем пра крымінальны пераслед беларусаў у 2024 годзе.
Віды пакаранняў
Самым распаўсюджаным відам пакарання па крымінальных справах з’яўляецца пазбаўленне волі. Так, да калоніі і турмы ўсіх відаў рэжымаў сёлета асудзілі агулам 55,4 % вязняў. Другі распаўсюджаны від пакарання – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і без накіравання. Да “хатняй хіміі” асудзілі 38,7 %. Да “хіміі” з накіраваннем – 4,3 %. Арышт прысудзілі 0,6 %, штраф – 0,3 %. Да прымусовага лекавання асудзілі 0,7 %.
Геаграфія прысудаў
Больш за ўсё палітычных крымінальных судоў адбылося ў Мінску – 51,4 %. На другім месцы па колькасці палітычна матываваных крымінальных прысудаў стаіць Брэсцкая вобласць – 18 %. Менш за ўсё палітычных прысудаў вынеслі ў Магілёўскай і Віцебскай вобласці – 4,8 % і 3 % адпаведна.
Самыя распаўсюджаныя крымінальныя артыкулы
Беларусаў усё яшчэ працягваюць масава судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту чатырохгадовай даўніны. Гэта самая папулярная нагода для палітычных судоў – па “народным” 342 артыкуле ў 2024 годзе асудзілі 1019 чалавек. Таксама распаўсюджаныя дыфамацыйныя артыкулы, па якіх судзяць за каментары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. Так, за “абразу Лукашэнкі” (арт. 368 КК) асудзілі 245 чалавек. 135 чалавек асудзілі за “абразу прадстаўніка ўлады” (арт. 369 КК), а за “распальванне іншай сацыяльнай варожасці” (арт. 130 КК) асудзілі 186 чалавек. За “заклікі да санкцый” (арт. 361 КК) было асуджана 75 чалавек, а за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (арт. 361-4 КК) – 109 чалавек.
Гучныя крымінальныя справы
Сёлета па палітычных крымінальных справах судзілі лекараў і комікаў, вайскоўцаў і праваабаронцаў, грамадзянаў Украіны і палітычных аналітыкаў, журналістаў і ілюстратараў. Судовыя прысуды выносілі за прадуктовыя перадачы сем’ям палітвязняў і адпраўку лістоў зняволеным. Узмацнялі крымінальны ціск на палітвязняў і ўпершыню памілавалі асуджанага да смяротнага пакарання. Далей узгадваем крымінальныя палітычныя справы ў 2024 годзе.
Лісты, грашовыя пераводы, прадуктовыя перадачы: пераслед за салідарнасць з палітвязнямі

Ірына Пагадаева (злева направа), Ірына Такарчук, Аксана Ляпко
Напрыканцы студзеня 2024 года ў Беларусі прайшла масавая хваля пераследу сем’яў палітвязняў за атрыманне імі прадуктовых перадач праз ініцыятыву IneedHelpBY, якую ўлады прызналі “экстрэмісцкім фармаваннем”. Вобшукі, допыты і затрыманні прайшлі як мінімум у 287 чалавек. У пастановах на ператрусы былі пазначаныя крымінальныя артыкулы за “фінансаванне экстрэміскай дзейнасці” (арт. 361-2 КК) і “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (арт. 361-4 КК). Таксама пад пераслед за салідарнасць патрапілі тыя, хто дасылаў палітвязням невялікія грашовыя пераводы або лісты падтрымкі. Так, траіх жыхароў Жодзіна затрымалі ў лістападзе і абвінавачваюць у “стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім” (арт. 361-1 КК). Паводле КДБ, яны маюць дачыненні да ініцыятывы па напісанні лістоў палітвязням “письмо.бел”.
На сённяшні дзень па справе салідарнасці з палітвязнямі асудзілі не меней за 37 чалавек, сярод якіх толькі адзін мужчына, астатнія – жанчыны большасцю ва ўзросце болей за 50 гадоў. Паводле абвінавачвання, нібы яны бралі інфармацыю пра палітвязняў з старонак ініцыятываў, прызнаных “экстрэмісцікімі фармаваннямі”.
Так, 55-гадовую бібліятэкарку з Брэста Ірыну Пагадаеву затрымалі ў траўні 2024 года і абвінавацілі ў “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК) за тое, што жанчына дасылала грашовыя пераводы палітвязням у СІЗА. Агулам Ірына пералічыла 188 рублёў. У ліпені ў Брэсцкім абласным судзе Ірыну асудзілі на тры гады калоніі.
Палітзняволеную 50-гадовую Аксану Ляпко затрымалі ў студзені 2024 года падчас рэйда сілавікоў па сваяках палітвязняў за атрыманне імі прадуктовых перадач ад ініцыятывы IneedHelpBY. Першапачаткова палітзняволеную абвінавацілі ў “фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці”, але пасля абвінавачванне змянілі на “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”. У Гродзенскім абласным судзе ў верасні Аксану асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму.
Маці былой палітзняволенай Вольгі Такарчук 64-гадовую Ірыну затрымалі ў студзені 2024 года па справе прадуктовых перадач сем’ям палітвязняў. Жанчыну адвезлі ў КДБ на допыт, пасля чаго прад’явілі абвінавачванні паводле арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ірыну асудзілі ў жніўні 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе на тры гады калоніі агульнага рэжыму.
Адзіны памілаваны сярод асуджаных да смяротнага пакарання

Рыка Крыгер. Фота: sb.by
У ліпені 2024 года ў СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што 24 чэрвеня ў Мінскім абласным судзе ваеннага лекара Чырвонага крыжа, грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера асудзілі да смяротнага пакарання шляхам расстрэлу. Немца асудзілі паводле шасці цяжкіх крымінальных артыкулаў, сярод якіх быў “акт тэрарызму” (ч. 3 арт. 289 КК) і “агентурная дзейнасць” (арт. 358-1 КК).
Паводле інфармацыі “Вясны”, Рыка Крыгера прызналі вінаватым у“здзяйсненні выбуху ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акце тэрарызму), здзейсненым асобай, якая раней учыніла злачынства прадугледжанае ч. 4 арт. 295 КК, арганізаванай групай, то бок у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 КК”. На падставе яго Крыгеру прызначылі выключную меру пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання (расстрэлу).
Вядома, што 30 ліпеня Рыка Крыгер напісаў памілаванне на імя Лукашэнкі. А ўжо першага жніўня ён быў вызвалены ў межах абмену зняволенымі, які прайшоў паміж ЗША, Расіяй, ФРГ і Беларуссю.
206,5 гадоў турмы на ўсіх: справа “аналітыкаў Ціханоўскай”
Фігурантамі справы так званых “аналітыкаў Святланы Ціханоўскай” праходзілі 20 чалавек: Аляксандр Дабравольскі, Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Арэшка.
Паводле матэрыялаў справы, усіх абвінавачвалі ў “экстрэмісцкіх злачынствах” у дачыненні да выбарчай кампаніі Лукашэні, а таксама ў постэлектаральны перыяд.
У Мінскім абласным судзе першага ліпеня ўсіх абвінавачваных завочна асудзілі паводле чатырох крымінальных артыкулах на тэрміны ад 10 да 11 гадоў зняволення.
Бацьку і сыну з Украіны па 20 гадоў калоніі, як “дыверсантам СБУ”

Сяргей і Павел Кабарчукі
У Лельчыцкім раёне ў лютым 2024 года быў аб’яўлены рэжым “контртэрарыстычнай аперацыі”, пасля чаго КДБ паведаміў пра затрыманне “тэрарыстаў”, нібы адпраўленых СБУ для здзяйснення дыверсій у Беларусі і РФ. Паводле прапагандыстаў, былі затрыманыя грамадзяне Украіны Сяргей і Павел Кабарчукі, а таксама жыхар Брэсту Віталь Уласюк. Пры іх нібыта былі выяўленыя выбуховыя прылады, якія прызначаліся для здзяйснення тэрактаў ў Расіі і Беларсуі.
У кастрычніку ў Гомельскім абласным судзе бацьку з сынам асудзілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў, сярод якіх “акт тэрарызму” (арт. 289 КК) і “агентурная дзейнасць” (арт. 358-1 КК). Суддзя Яўген Шаршнёў прызначыў Сяргею і Паўлу па 20 гадоў калоніі кожнаму.
Справа выбуху на аэрадроме ў Мачулішчах: да 25 гадоў калоніі
У лютым 2023 года на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах здарыліся выбухі, у выніку чаго быў пашкоджаны каштоўнасны самалёт дальняй выведкі ДРЛВ А-50, які выкарыстоўвалі для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.
Паводле афіцыйных органаў і прапагандыстаў, выканаўцу дыверсіі Мікалая Швеца вызвалілі па абмене з Украінай сёлета ў чэрвені. Акрамя Мікалая па справе праходзяць Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў і яго жонка Анастасія Пілько, Дзяніс Сакалоў. Усе яны нібы дапамагалі Швецу ў справе, але дакладна не ведалі, хто ён такі.
Большасць абвінавачваных судзілі завочна: Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Алу Яцуту, Віталя Якуціка, Яўгенію Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лопарава.
У Мінскім гарадскім судзе сёлета ў жніўні ўсіх абвінавачваных асудзілі паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх “акт тэрарызму” (ч. 3 арт. 289 КК) і “здрада дзяржаве” (ч. 1 арт. 356 КК). Праваабаронцам вядомыя не ўсе прысуды па гэтай справе. Самыя вялікія – па 25 гадоў калоніі – завочна атрымалі Мікалай Швец, Аляксандр Азараў і Віталь Якуцік.
Траім праваабаронцам 13 гадоў калоніі за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”

Уладзімір Хільмановіч, Алена Маслюкова, Уладзімір Судаленка
У мінулым годзе ўлады працягвалі ціснуць на праваабаронцаў, нават на тых, хто даўно знаходзіцца за мяжою. Так, траім правабаронцаў завочна асудзілі паводле крымінальных артыкулаў пад выглядам барацьбы з “экстрэмісцкай дзейнасцю”.
Вядомы юрыст і былы кіраўнік гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Леанід Судаленка – адзін з першых праваабаронцаў, каго затрымалі па крымінальнай справе пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Леаніда затрымалі ў студзені 2021 года па дарозе ў офіс і абвінавацілі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). А ў верасні таго ж года асудзілі да трох гадоў калоніі.
Цалкам адбыўшы тэрмін былы палітвязень з’ехаў з Беларусі і працягнуў праваабарончую дзейнасць ужо за межамі краіны. Адразу па вызваленні Леанід заявіў, што скіруе сваю дзейнасць на хутчэйшае вызваленне палітвязняў. Але ўжо ў лістападзе 2023 года супраць правабаронцы завялі новую завочную крымінальную справу за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Гамельчук спрабаваў скантактавацца са следчым і прызначаным дзяржавай адвакатам, але не атрымаў ніякага адказу.
У Гомельскім абласным судзе ў чэрвені 2024 года Леаніда Судаленку завочна асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК на пяць гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Сёлета вясною распачалі спецвытворчасць супраць гомельскай праваабаронцы “Вясны” Алены Маслюковай. Як каментавала праваабаронца, яна не атрымала інфармацыі пра сутнасць абвінавачвання ад уладаў.
У Гомельскім абласным судзе восенню 2024 года Алену Маслюкову асудзілі за “садзенічанне экстрэмісцка дзейнасці” (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК) на тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Сутнасць абвінавачвання засталася невядомай нават для самой праваабаронцы.
Таксама пад завочны крымінальны пераслед патрапіў гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч. Праваабаронца больш за тры гады не жыве ў Беларусі. Крымінальную справу супраць яго завялі восенню 2023 года.
Напрыканцы лета ў Гродзенскім абласным судзе Уладзіміра завочна асудзілі паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Ігар Собалеў прызначыў праваабаронцу пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Працягваецца крымінальны пераслед палітвязняў у калоніі

Вікторыя Кульша, Вольга Маёрава, Паліна Шарэнда-Панасюк
У 2024 годзе ў беларускіх калоніях і турмах працягваецца практыка крымінальнага ціску на палітвязняў нібы за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі” (арт. 411 КК). Некаторых вязняў судзяць па гэтым артыкуле ўжо трэці раз запар.
Палітзняволеную грамадскую актывістку з Брэста Паліну Шарэнду-Панасюк у чэрвені 2021 года асудзілі паводле трох крымінальных артыкулаў на два гады калоніі.
Пасля гэтага жанчыну тройчы судзілі паводле арт. 411 КК. Апошні раз – у кастрычніку 2024 года ў Рэчыцкім судзе. Суддзя Станіслаў Іванюценка прызначыў Паліне год калоніі. За час зняволення ў актывісткі моцна пагоршыўся стан здароўя і з’явілася хранічнае захворванне.
Адміністратарку чата “Кіроўцы 97%” Вікторыю Кульшу ў чэрвені 2021 года асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту на два з паловай гады калоніі. Вікторыю, як і Паліну, тройчы судзяць за “непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі”. Ён ужо прысудзілі дадатковых два гады калоніі. А ў лютым 2024 года стала вядома, што супраць Вікторыі завялі трэцюю запар крымінальную справу.
Палітзняволеная Вольга Маёрава была асуджана па “справе Аўтуховіча” восенню 2022 года паводле шасці артыкулаў на 20 гадоў калоніі.
Вясною 2024 года Вольгу зноў асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі) і прызначылі яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да 20 гадоў калоніі.
Гэтым летам мусіў выйсці на волю, але зноў прысудзілі калонію

Зміцер Дашкевіч
Вядомага актывіста і былога старшыню “Маладога фронту”, палітзняволенага Змітра Дашкевіча сёлета асудзілі паўторна.
Першы раз Змітру прызначылі паўтара года калоніі летам 2022 года за ўдзел у акцыі пратэсту паводле “народнага” артыкула. Ягонай жонцы Насце, якая на момант прысуду была цяжарная, прызначылі па тым жа 342 крымінальным артыкуле тры гады “хатняй хіміі”.
Палітвязень мусіў выйсці на волю ў ліпені 2024 года. Але на яго завялі новую крымінальную справу зноў паводле ч. 1 арт. 342 КК. А непасрэдна падчас судовага пасяджэння стала вядома, што яму дадаткова інкрымінуюць яшчэ і ч. 1 арт. 411 КК. У выніку ў Першамайсікм судзе Мінска ў верасні 2024 года Змітра асудзілі яшчэ на адзін год і тры месяцы калоніі.
Вясна








