
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык Вацлаў Папуцэвіч (у эміграцыі Пануцэвіч) нарадзіўся 2 студзеня 1910 года ў вёсцы Малая Альшанка (Гарадзенскі р-н). Паводле іншых звестак у вёсцы Гожа. Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Быў выключаны з яе за беларускую дзейнасць. З 1936 года вучыўся на юрыдычным факультэце Універсітэту Стэфана Баторага ў Вільні. Удзельнічаў у працы “Акадэміцкага кола сяброў Беларусаведы” (1936-39 гг.). Адзін з арганізатараў “руху маладых адраджэнцаў”. З 1935 года сябра БХД. З 1 снежня 1935 года сябра рэдкалегіі “Студэнцкай Трыбуны”, моладзевага дадатку да “Беларускай Крыніцы”. У 1935-38 гадах быў рэдактарам часопіса “25 сакавіка” (лістапад 1936 – сакавік 1938). Пасля расколу БХД у 1936 годзе належаў да “Беларускага фронту” ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Браў удзел у выданні газеты “Беларускі фронт”. За артыкул “Залежнасць ці незалежнасць” у № 3 за 30 жніўня 1938 г. быў засуджаны на год турмы ўмоўна.
У верасні 1939 г., з пачаткам 2-й сусветнай вайны, Пануцэвіч мабілізаваны ў 81-ы стралковы полк, які фармаваўся ў Гародні. 22 верасня 1939 г., пасля заняцця савецкімі войскамі Гародні, трапіў у палон. Быў вызвалены і жыў у Гародні. Паводле Баляслава Грабінскага, прыкладна ў 1940 г. да Пануцэвіча ў Гародню ад варшаўскіх беларусаў прыбыў сувязны, які насамрэч быў агентам НКВД, але Пануцэвіч “адразу западозрыў, што пасылаюць хлопца бальшавікі, і заявіў у НКУС”. Нейкі Пануцэвіч у 1940 годзе выкладаў у гарадзенскай школе № 1 беларускую мову і літаратуру. Вядома, што восенню 1941 г. ён жыў у Гародні па адрасе: вуліца Паўночная, 5.
З пачаткам нямецкай акупацыі ў кастрычніку 1941 года разам з Адамам Русаком Пануцэвіч ездзіў у Вільню з мэтай наладзіць сувязь з Віленскім БНК. Паводле Язэпа Малецкага, яго кандыдатура разглядалася мясцовымі нямецкімі ўладамі на пасаду бургамістра Гародні. Вёў настаўніцкія курсы пры Гарадзенскам БНК. 27 кастрычніка 1941 г. разам з Я. Малецкім сустракаўся з гарадзенскім епіскапам Антоніем па справе беларусізацыі праваслаўнай царквы і арганізацыі ў Гародні беларускай праваслаўнай семінарыі. У сярэдзіне лістапада 1941 года пераехаў з Гародні ў Баранавічы. У 1941-44 гг. працаваў у падкантрольнай немцам адміністрацыі акругі Баранавічы.
З 1944 г. Пануцэвіч у эміграцыі – спачатку ў Германіі, у перасыльных лагерах, дзе займаўся арганізацыяй беларускага скаўтынгу, а пасля 1949 г. – у ЗША. Жыў у Чыкага. Узначальваў Задзіночаньне беларускіх скаўтаў на чужыне. Кіраўнік скаўцкай дружыны “Арлы” ў Чыкага. У 1950 г. сакратар Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, з траўня 1950 г. – віцэ-старшыня Беларуска-амерыканскага каталіцкага таварыства. У пачатку 1960-ых заснаваў выдавецтва “Беларуская выдавецкая сябрына”. Выдаваў рэлігійна-гістарычныя часопісы: “Беларуская царква” (выдаваўся кірыліцай), “Літва” (лацінкай). Быў жанаты з дачкой Эдзюка Будзькі – Ірэнай. Пакінуў значную творчую спадчыну. Апрацоўваў і выдаваў казкі, чытанкі, пераклаў на беларускую мову “Падарожжа Гулівера да волатаў…” Джонатана Свіфта, напісаў некалькі кніжак пра беларускі скаўтынг. Зрабіў пераклад літургіі св. Іаана Залатавуста (Чыкага, 1958 г.). Напісаў шэраг грунтоўных прац па гісторыі Беларусі.
Памёр Вацлаў Пануцэвіч 25 жніўня 1991 года ў Чыкага. Пахаваны на могілках Святога Адальберта ў Найлсе, прыгарадзе Чыкага.
