Каротка:

  • Рэпрэсіі і дзяржаўны тэрор па-ранейшаму застаюцца вызначальнымі рысамі ўнутранай палітыкі таталітарнага рэжыму А. Лукашэнкі. Мішэнню для пераследу становяцца ўсе, каго можна падазраваць у нелаяльнасці да ўладаў.
  • На канец снежня 2024 года ў Беларусі ў месцах няволі знаходзіліся 1 265 палітвязняў, з іх 168 — жанчыны. За месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 58 чалавек. З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнямі 3 697 чалавек, з іх 680 жанчын.
  • У снежні ў парадку памілавання былі вызваленыя 49 палітвязняў. “Вясна” падкрэслівае, што ў створаных рэжымам умовах для палітвязняў такое вызваленне — гэта адзіная магчымасць выхаду на волю, раней вызначанага прысудам або жаданнем спецслужбаў тэрміна, што асабліва важна для людзей з ліку прадстаўнікоў уразлівых груп — жанчын, людзей з інваліднасцю і цяжкімі хранічнымі захворваннямі, сталых і тых, хто выхоўваюць дзяцей.
  • Праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір ЛабковічМарфа Рабкова,Андрэй Чапюк і Наста Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўлення волі, па-ранейшаму ўтрымліваюцца калоніях.
  • Па-ранейшаму некалькі палітвязняў утрымліваюцца працяглы час у рэжыме інкамунікада: Максім Знак, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і іншыя больш за год пазбаўленыя кантактаў са знешнім светам, у тым ліку ўнутры калоній; іх сітуацыя таксама мае рысы гвалтоўных знікненняў, забароненых міжнародным правам.
  • У снежні падведзены вынікі крымінальнага пераследу за лістапад: судамі разгледжана не менш як 152 крымінальныя справы, у тым ліку восем ​​у парадку спецыяльнай вытворчасці ў адсутнасць абвінавачаных; сярод асуджаных 41 жанчына; палова з іх (78 чалавек) асуджаныя судамі г. Мінска, з рэгіёнаў найбольш рэпрэсіўнай стала Брэсцкая вобласць.
  • Рэгулярныя затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў маленькіх гарадах і сельскіх населеных пунктах. У снежні праваабаронцамі зафіксаваны 759 фактаў рэпрэсій (у тым ліку крымінальных і адміністрацыйных судоў), з іх 454 судоў па адміністрацыйных справах, амаль усе — за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Больш за ўсё фактаў зафіксавана ў Брэсцкай і Мінскай абласцях.
  • Улады рэгулярна папаўняюць Спісы асобаў і фармаванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта стварае і падтрымлівае ўмовы для новых нападаў на грамадзянскую супольнасць і яе прадстаўнікоў. Таксама ўнясенне ў Спісы адвольна абмяжоўвае правы і свабоды грамадзян.
  • Праваабаронцы “Вясны” па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць і дакументуюць факты прымянення катаванняў і іншых забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама ў месцах пазбаўлення волі.
  • Экспертная місія кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, арганізаваная Беларускім Хельсінкскім камітэтам і ПЦ “Вясна”, апублікавала справаздачу аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах, якія мусяць адбыцца ў студзені 2025 года.
  • У Варшаўскім Музеі свабоднай Беларусі 10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека адкрылася выстава “Пачуцці: Малюнкі палітвязняў Беларусі”. На экспазіцыі прадэманстравалі калекцыю малюнкаў, створаных палітычнымі зняволенымі Беларусі ва ўмовах турэмнага зняволення. Падчас адкрыцця выставы культурныя дзеячы і праваабаронцы прэзентавалі музычны альбом пра заключэнне і рэпрэсіі “Пазначаныя жоўтым“.
  • 12 снежня ў Брусэлі адбылося ўрачыстае адкрыццё арт-інсталяцыі “Нязломныя”, прысвечанай палітзняволеным праваабаронцам “Вясны” Валянціну Стэфановічу, Алесю Бяляцкаму, Уладзіміру Лабковічу, Марфе Рабковай і валанцёру Андрэю Чапюку. У яе адкрыцці прынялі ўдзел кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска, праваабаронца “Вясны” Марына Кастылянчанка і лідэрка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская. Мерапрыемства адбылося ў рамках Дзён Беларусі ў Брусэлі — серыі падзей, якія паказваюць салідарнасць Еўрапейскага саюза з народам Беларусі.

Поўнасцю агляд чытайце па спасылцы.

Вясна