Мінулы год для Беларусі выдаўся яшчэ больш рэпрэсіўным, чым папярэднія два гады. Прызначаныя на студзень 2025 года чарговыя прэзідэнцкія выбары ўзмацнілі адвольны пераслед беларусаў. Рэйды па салідарнасці, хвалі масавых затрыманняў у маленькіх гарадах, звальненні з буйных прадпрыемстваў па палітычных матывах, затрыманні былых палітвязняў і тых, хто вяртаўся ў Беларусь з-за мяжы, — тое, чым адзначыўся 2024. Пяты год у Беларусі рэжым Лукашэнкі працягвае здзекавацца з арыштаваных па палітычных артыкулах, утрымліваючы іх у нечалавечых умовах у ізалятарах. Людзі вымушаны тыднямі сядзець у перапоўненых камерах без сродкаў гігіены, чыстай бялізны і цёплага адзення; спаць на падлозе; піць брудную ваду з-пад крана; не прымаць душ. Па-ранейшаму некаторых арыштантаў утрымліваюць у такіх умовах па некалькі месяцаў. Агулам летась праваабаронцы “Вясны” зафіксавалі не менш за 8 895 фактаў рэпрэсій — значна больш, чым у 2023 годзе. “Вясна” ў лічбах распавядае, як беларусаў пераследавалі ў 2024 годзе ў адміністрацыйным парадку, а таксама ўзгадвае самых рэпрэсіўных суддзяў Беларусі.
Адзначым, што ўсе лічбы могуць быць значна большымі праз тое, што да праваабаронцаў праз запалоханасць грамадства не даходзяць усе звесткі пра рэпрэсіі.
Колькасць рэпрэсій у мінулым годзе
Па даных “Вясны”, з рознымі відамі рэпрэсій (затрыманні, допыты, ператрусы) у мінулым годзе сутыкнуліся не менш за 8 895 чалавек. Чвэрць рэпрэсаваных — жанчыны.
Мапа рэпрэсій
Самай рэпрэсіўнай часткай Беларусі застаецца Мінск і Мінская вобласць — 2 772 чалавекі. Далей па колькасці рэпрэсій ідуць Брэсцкая і Гродзенская вобласці — 1 925 і 1 363 чалавекі.
Адміністрацыйны пераслед
Па інфармацыі праваабаронцаў “Вясны”, у 2024 годзе па ўсёй Беларусі адбылося не менш за 5 890 судоў паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў. Гэта амаль на 2 000 судовых працэсаў больш, чым у 2023 годзе.
Суды за “атрыманне дапамогі”
У большасці выпадкаў беларусаў судзілі за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” (арт. 19.11 КаАП). Але пасля масавага рэйду КДБ па салідарнасці ў студзені 2024 года, сваякоў і родных палітвязняў пачалі судзіць паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП – “выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам”. Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.Тады падставай для пераследу стала дапамога сем’ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ўлады прызналі “экстрэмісцкім фармаваннем”.
У выніку больш за 150 чалавек атрымалі вялікі штраф за атрыманне дапамогі праз INeedHelpBY, а таксама мусілі выплаціць кампенсацыю сумы “замежнай” аплаты.
Самыя рэпрэсіўныя суддзі
“Вясна” склала спіс самых рэпрэсіўных суддзяў Беларусі па колькасці разгледжаных адміністрацыйных справаў.