Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 10 студзеня ў другім чытанні прыняла праект змяненняў у закон у пытаннях крымінальнай адказнасці. Цяпер праект паступіць на разгляд у Савет Рэспублікі, а пасля – на подпіс Лукашэнку.

Праект закона ўносіць змяненні ў Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы Беларусі, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Прадстаўляла дакумент старшыня Пастаяннай камісіі ў пытаннях заканадаўства Марына Лянчэўская.

Дакумент пашырае кола злачынстваў, за якія грамадзяне Беларусі будуць несці адказнасць пры іх здзяйсненні за межамі краіны. У гэты пералік уключаны ў тым ліку злачынствы тэрарыстычнай накіраванасці, якая ў разуменні ўладаў краіны мае вельмі шырокае значэнне.

Законапраект таксама прапануе перагледзець санкцыі 97 складаў злачынстваў. Яны дапаўняюцца альтэрнатыўнымі, больш мяккімі відамі пакаранняў, а таксама карэктуюцца ў частцы памеру пакаранняў або ўвядзення на альтэрнатыўнай аснове дадатковых пакаранняў.

Паводле дакументу, пазбаўленне волі не будзе прызначацца жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей, маладзейшых за 14 гадоў, або дзяцей-інвалідаў, інвалідам I групы, упершыню ўчынілі злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкае злачынства. Гэта ж датычыць няпоўнагадовых, якія ўпершыню ўчынілі злачынствы. Гэтае правіла не датычыць злачынстваў, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека альбо прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, а таксама затрыманых за пратэставую актыўнасць.

Таксама ўводзіцца дыферэнцыяцыя адказнасці за незаконны абарот сродкаў плацяжу: прапануецца захаваць крымінальную адказнасць для грамадзянаў, якія распаўсюджваюць рэквізіты чужых банкаўскіх картак, і ўвесці адміністрацыйную адказнасць для тых, хто падае рэквізіты ўласных картак. Таксама асобныя злачынствы прапануецца перавесці ў справы прыватна-публічнага абвінавачвання: злачынствы аб парушэнні правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання і ўчыненым блізкімі асобы, якая пацярпела ад злачынства.

Таксама ніжняя мяжа пакарання за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы скарочаная з 10 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

З 1 студзеня ўрад пашырыў крытэры, паводле якіх сацыяльнае становішча дзіцяці будзе прызнавацца небяспечным. Адпаведную пастанову могуць прыняць, калі бацькоў прыцягвалі да адказнасці паводле палітычных адміністратыўных артыкулаў. У Офісе Святланы Ціханоўскай такую захаду назвалі «культываваннем самацэнзуры».

Белсат