фота Беларускага Радыё Рацыя

Былы настаяцель Гарадзенскага праваслаўнага сабору, а зараз святар Канстанцінопальскага патрыярхату айцец Георгі Рой даў вялікае інтэрв’ю Еўрарадыё. У ім ён расказаў пра свай бачанне развіцця хрысцянства ў Беларусі, пра перспектывы аўтакефаліі праваслаўнай царквы, пра патрэбу царкоўнай люстрацыі, пра культурнае злачынства цяперашніх уладаў РПЦ у Жыровіцкім манастыры. Закраналася таксама тэма палітычнага пераследу і даравання злачынстваў дыктатарскага рэжыму.

Напомнім, што протаіерэй Георгі Рой і іерэй Аляксандр Кухта — святары Беларускай праваслаўнай царквы, якія вымушана выехалі з Беларусі ад пераследу ўладаў у звязку з іх пазіцыяй адносна палітычных рэпрэсій і расейскай агрэсіі супраць Украіны. Яны звярнуліся да Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея з просьбай прыняць іх пад свой амафор, бо па меркаваннях сумлення не маглі знаходзіцца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату. Усяленскі Патрыярх разгледзеў іх прашэнні і прыняў іх пад свой амафор.

Раней айцец Георгі Рой служыў у Гарадзенскім Пакроўскім саборы, потым быў пазбаўлены пасады настаяцеля і пераведзены служыць у вясковы храм.

Пазней айцец Георгі трапіў у расейскую базу крымінальнага вышуку. А зусім нядаўна, у снежні, матэрыялы святара ў інтэрнэце былі прызнаныя судом Ленінскага раёну Гародні “экстрэмісцкімі”.