
На сённяшні дзень Польшча не разглядае адкрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, бо з боку Менска няма крокаў насустрач па “адчувальных пытаннях”. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Беластоку заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк.
Паводле яго, няма ніякіх прыкметаў, што ў найбліжэйшай будучыні гэтыя пераходы могуць быць адчыненыя. Адказнасць за гэта міністр усклаў на беларускі бок.
“Прычыны ў беларускім баку. Анджэй Пачобут усё яшчэ знаходзіцца ў зняволенні. Розныя заявы пра яго магчымае вызваленне не пацвердзіліся фактамі. Ніякай супрацы з беларускага боку не назіраецца ў дачыненні да інфармацыі па забойстве польскага жаўнера летась”, — пералічыў ён значныя для Польшчы моманты.
Таксама Сямоняк звярнуў увагу на праблему працяглага міграцыйнага крызісу на мяжы. Ён дадаў, што няма сумневаў “у тым, што менавіта службы Лукашэнкі арганізуюць і садзейнічаюць гэтай гібрыднай агрэсіі”.
Адкрыццё пунктаў пропуску на мяжы ён звязаў з наяўнасцю добрай волі ў афіцыйнага Менску.
Цяпер на беларуска-польскай мяжы дзеіць толькі адзін пераход для грузавых аўтамабіляў — Казловічы-Кукурыкі, а таксама адзін для легкавога транспарту і аўтобусаў — Берасце-Цярэспаль.
