
Кіраўніцтва завода заявіла, што несанкцыянаванае выкарыстанне смартфонаў нясе небяспеку для ўсяго прадпрыемства.
На «Гродна Азот» прайшла нарада пад кіраўніцтвам гендырэктара Ігара Ляшэнкі. Ключавым пытаннем стала справаздача пра дзяжурства на мінулых вялікіх выходных, піша ведамасная газета.
Начальства звярнула ўвагу на шэраг недахопаў і парушэнняў, у першую чаргу звязаных з культурай вытворчасці, прычым у нядбайным стаўленні звінавацілі не толькі шараговых супрацоўнікаў, але і кіраўнікоў.
Гендырэктару далажылі, што супрацоўнікі на выхадных насілі недазволеныя тэлефоны. За гэта пагражаюць звальненнямі.
«У выніку праверак выяўленыя факты нашэння недазволеных тэлефонаў і несанкцыянаванае выкарыстанне смартфонаў. Нагадаем, такая безадказнасць нясе небяспеку для ўсяго прадпрыемства і калектыву і цягне за сабой прымяненне строгіх дысцыплінарных мер аж да спынення працоўных адносін», — піша ведамасная газета «Гродненский химик».
Карыстацца смартфонамі на працы супрацоўнікам «Гродна Азот» забаранілі яшчэ летась. На завод можна трапіць толькі з кнопкавым тэлефонам з карпаратыўнай сім-картай.
