Актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава ўтрымліваюць у няволі з кастрычніка 2019 года — больш за пяць гадоў. У 2020-м яго асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да чатырох гадоў. Пазней яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым, а таксама дадалі яшчэ два гады зняволення за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі” (арт. 411 КК). Мікіту ў папраўчых установах месяцамі ўтрымлівалі ў ШІЗА, увесь час на яго аказваюць ціск. А цяпер яго зноў будуць судзіць паводле арт. 411 КК. Суд пачаўся ўжо 15 студзеня. Палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады пазбаўлення волі.

Цяпер хлопца зноў судзяць за нібыта “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі”. Справу ў судзе Ленінскага раёну Гародні “разглядае” суддзя Кірыл Ефімовіч. Палітвязню пагражае яшчэ два гады пазбаўлення волі.

Мікіта — актывіст анархісцкага руху, засуджаны 12 лютага 2020 года судом Савецкага раёна г. Менску да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Але Менгарсуд па апеляцыйнай скарзе зменшыў тэрмін Мікіту да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У траўні 2021 года палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Там адміністрацыя турмы ініцыявала пачынанне крымінальнай справы супраць палітвязня паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Пры гэтым, у турме яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА.

У сакавіку 2022 года на тэрыторыі Турмы № 4 Мікіту прызначылі яшчэ два гады пазбаўлення волі. Хлопца адправілі адбываць тэрмін у ваўкавыскую калонію № 11, дзе яго працягнулі змяшчаць у ШІЗА. Праз год, у сакавіку 2023 года, У судзе Ваўкавыскага раёна суддзя Мікалай Сяргейка прыняў рашэнне аб пераводзе Мікіты на турэмны рэжым. Палітвязня змясцілі ў гарадзенскую турму № 1.

Вясна