Сёння, 16 студзеня, Лукашэнка заявіў, што Польшча адмовілася нават весці размовы пра зняволенага Анджэя Пачобута.

У гэты ж дзень прэс-сакратар польскага МЗС Павэл Вроньскі заявіў выданню «Зеркало», што Польшча ніколі не адмаўлялася ад перамоваў з беларускім бокам пра вызваленне Пачобута.

– Калі дыктатар Беларусі Лукашэнка кажа, што не ведае, што рабіць з Пачобутам, то я скажу яму, што трэба зрабіць. Перш за ўсё ён мусіць вызваліць яго з турмы. Анджэй Пачобут – горды грамадзянін Беларусі, які таксама ганарыцца сваім польскім паходжаннем. Але ён павінен быць вольным чалавекам у свабоднай краіне і жыць там, дзе ён хоча, – сказаў Павэл Вроньскі.

Што да словаў Лукашэнкі пра нежаданне Пачобута з’язджаць з Беларусі, то яшчэ ў жніўні мінулага года сталася вядома: палітвязень гатовы пакінуць краіну. Пра гэта заяўляла кіраўніца Саюзу палякаў Анжаліка Борыс, якая сустракалася з Пачобутам вясною 2024 года

13 студзеня 2025 года міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк нагадаў, што вызваленне Андрэя Пачобута застаецца ўмоваю аднаўлення працы пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.

Нагадаем, Анджэй Пачобут – палітычны зняволены, журналіст, актывіст Саюзу палякаў. У лютым 2023 году яго засудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Судзілі паводле артыкулаў аб закліках да санкцыяў і распальванні варожасці, а таксама ўнеслі ў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».