
Беларускія праваабаронцы папрасілі ўлады ЗША прадпрыняць тэрміновыя дзеянні па вызваленні лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, палітвязня Алеся Бяляцкага. Сустрэча праваабаронцаў “Вясны” з часовым павераным ЗША ў справах Беларусі Пітэрам Каўфманам адбылася 15 студзеня ў дыппрадстаўніцтве Злучаных Штатаў у Вільні, перадае DW. Беларуская дэлегацыя складалася з трох чалавек.
Кіраўніка “Вясны” Алеся Бяляцкага арыштавалі ў ліпені 2021 года і засудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. Калі праваабаронца быў за кратамі, яго ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй — разам з расейскім праваабарончым цэнтрам “Мемарыял” і ўкраінскім “Цэнтрам грамадзянскіх свабод”.
Паплечнікі Бяляцкага звяртаюць увагу, што ён — адзін з пяці нобелеўскіх лаўрэатаў, якія атрымалі прэмію, знаходзячыся ў турме за свае законныя дзеянні і самаадданую барацьбу за дэмакратыю і правы чалавека. Бяляцкаму ўжо 62 гады. Праз узрост і праблемы са здароўем яго ўключылі ў гуманітарны спіс найбольш уразлівай групы палітвязняў, складзены беларускай грамадзянскай супольнасцю.
Праваабаронцы згадалі леташні абмен паміж Захадам і Расеяй, калі Расея аддала палітвязняў узамен на арыштаваных шпіёнаў. Праваабаронца Леанід Судаленка звярнуў увагу на паведамленні СМІ аб падрыхтоўцы магчымага новага такога абмену паміж Захадам і Расеяй. Паводле яго, у такі гіпатэтычны спіс на абмен неабходна ўключыць Бяляцкага. Судаленка кажа, што ў беларускай дэлегацыі склалася ўражанне, што амерыканскі бок пачуў яе аргументы.
