
фота Гарадзенскай праваабароны
Свежая статыстыка па колькасці рэлігійных арганізацый Беларусі яшчэ не апублікаваная, але па прамежкавых дадзеных бачна, што за мінулы год колькасць рыма-каталіцкіх парафій у краіне скарацілася. Многія супольнасці Рыма-каталіцкай царквы былі ліквідаваныя ў мінулым годзе, і гэты працэс працягваецца, піша Katolik.life.
Калі паводле звестак на 1 студзеня 2024 года, апублікаваных на рэсурсе Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у Беларусі налічвалася роўна 500 рыма-каталіцкіх парафій, то звесткі за сярэдзіну мінулага года кажуць пра тое, што цяпер іх стала меней.
Такую статыстыку выданне знайшло, напрыклад, на сайце Віцебскага аблвыканкама. Паводле даных на 1 ліпеня 2024 года, у рэгіёне налічвалася 85 супольнасцяў рыма-католікаў. Па стане на пачатак года іх было 94.
У Менскай вобласці, паводле інфармацыі, абноўленай у верасні, дзеіць 97 рыма-каталіцкіх парафій. На пачатак 2024 года іх налічвалася 98.
Паводле звестак Гомельскага аблвыканкама, у рэгіёне 20 супольнасцяў рыма-католікаў, а ў пачатку года была 21 супольнасць.
Па іншых рэгіёнах адкрытых даных для параўнання няма, альбо яны састарэлі.
Як вядома, у 2024 годзе ў Беларусі пачалася перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый. Гэта стварыла праблемы для невялікіх парафій.
Тыя супольнасці, якія зразумелі, што не змогуць выканаць новыя патрабаванні, падалі заявы на ліквідацыю арганізацыі. І гэты працэс яшчэ працягваецца — дакументы для перарэгістрацыі парафіі павінны падаць не пазней за 5 ліпеня 2025 года.
Пры гэтым вышэйадзначанае тычыцца не толькі каталікоў. Колькасць зарэгістраваных праваслаўных супольнасцяў у рэгіёнах таксама скарацілася.


