
У Беластоку 19 студзеня каля кансуляту РБ прайшла акцыя беларусаў супраць псеўдапрэзідэнцкіх выбараў, якія праводзіць Лукашэнка ў Беларусі ў студзені. Яна сабрала каля 50 чалавек – прадстаўнікоў дыяспары і карэнных беларусаў Падляшша.
Удзельнікі акцыі трымалі ў руках нацыянальную сімволіку, а таксама вялікія банеры – “Лукашэнка скраў нашы галасы” і “Свабоду палітычным вязням” (па-беларуску і па-польску).
Выступоўцы казалі пра фальшывыя выбары ранейшых гадоў, раскрывалі механізмы фальсіфікацый і казалі пра шкоднасць заклікаў прыходзіць на выбарчыя ўчасткі і галасаваць супраць усіх. Бо ў кожным разе гэтыя бюлетэні будуць выкінутыя і і ніхто ўжо даўно не лічыць галасы.
Частка выступоўцаў уздымала пытанні геапалітычнага характару – як выжыць беларускай нацыі і захаваць беларускую дзяржаву ва ўмовах татальнай так званай “рэал-палітык” і імперскай захопніцкай экспансіі Масквы. Цяпер гэтае існаванне пад пагрозай і беларусы замежжа абавязаны ўздымаць на ўсіх магчымых пляцоўках беларускае пытанне, іх галасы павінны гучаць цвёрда.













