
Напярэдадні 162-й гадавіны паўстання 1863 года невядомыя скралі памятны камень з магілы ксяндза Адама Фалькоўскага ў Лідзе, паведамляе польскае выданне Znadniemna.pl. Фалькоўскі быў расстраляны царскімі ўладамі 24 чэрвеня 1863 года.
Святар Адам Фалькоўскі — удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў. 24 чэрвеня 1863 года расейскія ўлады расстралялі яго ў ваколіцах Ліды за заклік да вернікаў далучыцца да вызвольнага змагання.
Месца яго пахавання людзі аблажылі камянямі, якія шмат разоў раскідвала паліцыя. У 1919 годзе тут быў пастаўлены крыж. Яго знішчылі ў 1940 годзе камуністы.
Крыжы, якія ў 1990-я ставіла беларуская грамадскасць горада на прыблізным месцы магілы ў Лідскім парку культуры і адпачынку, улады зацята знішчалі. Урэшце ў 2010 годзе ўлады згадзіліся замяніць крыж на памятны камень. Але праз 13 гадоў і тут адшукалася «крамола». У канцы 2023 году хтосьці зацёр на камені «Пагоню», польскага белага арла і анёла.
Няма сумневу, што зараз камень прыбралі па загадзе ўлады – каго менавіта – невядома.
